Беларускія медыкі лечаць свіны грып неэфектыўнымі лекамі?
- 1.11.2009, 18:03
У Беларусі прапануюць лячыцца прэпаратамі, якія, на думку ўкраінскіх медыкаў, могуць прывесці да ўскладненняў.
Як паведамляе «Інтэрфакс», 1 лістапада галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Беларусі Валянціна Качан заклікала беларусаў не панікаваць з нагоды захворвання грыпам.
«У Беларусі няма прычынаў і падставаў для панікі ў сувязі з ростам захворвання грыпам», - заявіла Качан.
Таксама яна дадала, што «пакуль што няма падставы прымаць у рэспубліцы жорсткія абмежавальныя меры ў сувязі з ростам захворвання грыпам».
Па словах Качан, у сувязі з ростам захворвання прынятыя прэвентыўныя меры. У прыватнасці, яна паведаміла, што ў Менску падоўжаныя школьныя вакацыі, вырашаецца пытанне аб аналагічных мерах у Берасцейскай вобласці, Маладзечне, Жлобіне, Бабруйску.
Разам з тым яна адзначыла, што «сёння фіксуецца рост ускладненняў пасля вострых рэспіраторных інфекцыяў, у тым ліку і са смяротным зыходам», удакладніўшы, што ў Беларусі ў цяперашні час фіксуецца змяшаная інфекцыя, вірус грыпу А пацвярджаецца ў 10% выпадкаў, у асноўным выяўляюцца адэнавірусы.
Як перадае БелТА, Валянціна Качан асабліва падкрэсліла, што ўсе меры па прадухіленні распаўсюджвання ў Беларусі свінога грыпу распрацоўваліся яшчэ пачынаючы з красавіка, калі ўпершыню з'явілася інфармацыя пра новы вірус у рэспубліцы.
«Тыя меры, якія былі напрацаваныя, спрацоўваюць, – сказала яна. – Няма неабходнасці панікаваць, пакуль гаворкі не ідзе пра нейкія жорсткія меры па прадухіленні распаўсюджвання свінога грыпу, у тым ліку масачны рэжым і г.д.».
Паводле яе словаў, аптэкі і лячэбна-прафілактычныя ўстановы забяспечаныя прафілактычнымі і медыкаментознымі сродкамі. «Прыемна, што адным з найбольш эфектыўных сродкаў барацьбы з віруснымі захворваннямі стаўся айчынны сродак «Арбідол», – адзначыла Валянціна Качан. – Мы рэкамендуем яго як для прафілактыкі, так і для лячэння ўскладненняў».
Цікава, што медыцынскі прэпарат «Арбідол», пра які так ухвальна адгукаецца галоўны дзяржаўны санітарны урач Беларусі, знайшоў цалкам іншую ацэнку ў суседняй Украіне.
Як перадае сайт hvaroba.com, эпідэміёлагі Украіны папярэдзілі пра небяспеку выкарыстання «Арбідола» і «Аміксіна». Па словах украінскіх медыкаў, «Арбідол» і «Аміксін» з'яўляюцца неэфектыўнымі і могуць прыводзіць да ўскладненняў у хворых. Пра гэта 31 кастрычніка падчас нарады ў Львове пад старшынствам прэзідэнта Украіны Віктара Юшчанкі адносна эпідэміі грыпу заявіла загадчыца кафедрай эпідэміялогіі Львоўскага нацыянальнага медыцынскага ўніверсітэта імя Данііла Галіцкага Наталля Вінаградава. Яна таксама заклікала спыніць рэкламу «Арбідола» і «Аміксіна».
Юшчанка даў даручэнне МАЗ сфармаваць выразную пазіцыю адносна няякаснай рэкламы супрацьвірусных прэпаратаў. «А гэта выглядае так, што для кагосьці вайна, а для кагосьці маці родная», – сказаў прэзідэнт Украіны.
Ён адзначыў, што калі ў дзяржаве не будзе прыняты празрысты механізм рынкавай рэгуляцыі коштаў на лекі, іх ніколі не будзе дастаткова. Акрамя таго, Юшчанка даў даручэнне старшыням АДА закрыць усе рынкі і пры неабходнасці пакінуць толькі харчовыя секцыі.