Беларусь накрывае сіндром «Убля»
- 10.11.2009, 10:38
Беларусы абураныя, што пры татальным дэфіцыце лекаў у краіне Лукашэнка аказвае гуманітарную дапамогу Украіне.
У мінулую пятніцу патэлефанавала знаёмая з радаснай навіной – у аптэкі завезлі супрацьвірусныя лекі. Папрасіла вызначыцца як мага хутчэй чаго і колькі трэба – пакіне. Але паколькі асаблівай патрэбы ўжо не было - арганізм за паўтары тыдні чакання перамог злавесны вірус А, ператэлефаноўваць не стаў. Знаёмая патэлефанавала праз шэсць гадзінаў і, абазваўшы тугадумам, паведаміла, што лекаў ізноў няма – усё разабралі, прычым «свае», піша сайт АФН.
Не складана здагадацца, як на фоне такога тэлефанавання і адпаведна татальнага дэфіцыту лекавых сродкаў у беларускіх аптэках глядзеліся паведамленні навінавых агенцтваў пра тое, што Аляксандр Лукашэнка падчас свайго першага афіцыйнага за 12 гадоў візіту на Украіну ў якасці гуманітарнай дапамогі перадаў уладам Івана-Франкоўскай вобласці мазі, лекі і марлевыя павязкі. Прычым не з-за абвешчанай там эпідэміі грыпу, а таму што гэты рэгіён з'яўляецца радзімай украінскага прэзідэнта Віктара Юшчанкі.
Сутнасць не ў тым, што Украіна наўрад ці у найбліжэшай агляднай будучыні зможа дапамагчы Шклоўскаму раёну ці Магілёўскай вобласці Беларусі. Сітуацыя нагадала часы Савецкага Саюза, калі дзеля аказання гуманітарнай дапамогі В'етнаму, Нікарагуа, Палестыне і шэрагу афрыканскіх дыктатураў, якія пажадалі стаць на шлях сацыялізму, уся велізарная краіна па разнарадцы зверху збірала прадукты, адзенне, кніжкі і дзіцячыя цацкі. Увогуле ўсё тое, што было ў дэфіцыце і адпаведна павінна было давесці сусветнаму імперыялізму, што шчаслівей за грамадзянаў СССР на свеце нікога няма.
Аднак гуманітарны аптымізм Лукашэнкі Беларусі не дапамог. Эпідэмія грыпу працягвае набіраць абароты. Мінздароўя Беларусі ўжо афіцыйна пацвердзіў 102 выпадкі заражэння свіным грыпам. І калі рост будзе працягвацца такімі ж тэмпамі, дык ўжо хутка Беларусь цалкам можа сутыкнуцца з тымі ж праблемамі на сваёй мяжы, што і Украіна. Як паведаміла прэс-служба Дзяржаўнай памежнай службы Украіны, Славакія ў сувязі з распаўсюджваннем эпідэміі грыпу на тэрыторыі Украіны закрыла пункт пропуску «Убля».
У Дзяржпамежкамітэце РБ паведамілі, што Беларусі пакуль не пагражае памежны варыянт «Убля». Па словах прэс-сакратара ДПК РБ Аляксандра Цімашэнкі, у цяперашні час магчымасць закрыцця якіх-небудзь памежпастоў нават не абмяркоўваецца. Аднак, вірусны сіндром «Убля» павольна і пэўна накрывае краіну.
«…аптэкі маюць неабходны аб'ёма гарачкапаніжальных, болесуцішальных, супрацьвірусных і супрацьзапаленчых лекавых сродкаў, а таксама вітамінавых комплексаў. Ёсць перабоі з наяўнасцю ў продажы «Арпетола», аксалінавай мазі, «Рэмантадзіна», ахоўных масак, але ў хуткім часе праблема будзе вырашаная», - паведаміла сёння супярэчлівую інфармацыю дзяржагенства БелТА са спасылкай на РУП «Белфармацыя», перадаўшы пры гэтым на ўсю краіну чарговую баявую зводку з віруснага фронту: «Лекі для прафілактыкі грыпу і ВРВІ паступаюць проста з колаў… З раніцы машыны накіраваліся за Арпетолам…»
У гэты ж час яшчэ адзін «гуманітары» з Беларусі, вядомы пад імем Сяргей Сідорскі, заявіў у Казахстане наступнае: «…мы прынялі дастаткова жорсткія меры… на тыдзень падоўжылі восеньскія вакацыі ў школах. Забяспечылі максімальна медыцынскімі прэпаратамі, у першую чаргу беларускія прадпрыемствы».
«…стабільнасць сітуацыі ў краіне забяспечваецца, і ўсе органы дзяржаўнай улады, якія працуюць над гэтай праблемай, актыўна яе блакуюць… мы робім усё магчымае, каб і на нашым знешнім контуры… мінімізаваць распаўсюджванне гэтага віруса на тэрыторыі тых дзяржаваў, дзе ён прысутнічае», - заявіў прэм'ер.
Ну няўжо не «Убля»?