За месяц золатавалютныя рэзервы Беларусі скараціліся яшчэ на 144 мільёны даляраў
- 13.11.2009, 9:12
Без уліку апошняга транша МВФ золатавалютныя рэзервы за кастрычнік знізіліся на 143,8 мільёна даляраў.
У параўнанні з пачаткам года золатавалютныя рэзервы Беларусі выраслі на 1 млрд. 373,4 млн. — з 3 млрд. 61,1 млн. даляраў на 1 студзеня 2009 года да 4 млрд. 434,5 млн.
Пры гэтым варта ўлічваць, што 2009 год суправаджаўся запазычаннямі Беларусі на знешніх рынках, а таксама іншымі паступленнямі на суму звыш за 3,5 млрд. даляраў ЗША. У прыватнасці, Беларусь атрымала 2 млрд. 166,6 млн. даляраў крэдытных сродкаў МВФ у межах праграмы stand-by.
Акрамя гэтага, у лютым Беларусь атрымала 625 млн. даляраў ад продажу долі акцыяў ААТ «Белтрансгаз», у сакавіку — чарговы транш расейскага крэдыту ў 500 млн. даляраў ЗША. Вядома таксама, што ў лютым—сакавіку «Газпрам» ажыццявіў перадаплату за транзіт газу па тэрыторыі Беларусі ў 2009 годзе ў 250 млн. даляраў.
За 2008 год золатавалютныя рэзервы Беларусі скараціліся на 1 млрд. 121,1 млн. даляраў, нягледзячы на першы транш расейскага крэдыту ў 1 млрд. даляраў, які паступіў у лістападзе, а ў снежні — крэдыт Венесуэлы ў 500 млн. даляраў. З улікам гэтых сродкаў сукупнае зніжэнне золатавалютных рэзерваў у 2008 годзе склала каля 2 млрд. 621,1 млн. даляраў.