Рэкорднае скарачэнне беларускага экспарту
- 15.11.2009, 14:25
З пачатку года аб'ёмы знешняга гандлю Беларусі са шмат якімі краінамі знізіліся больш, чым у два разы.
За дзевяць месяцаў гэтага года знізіліся аб'ёмы знешняга гандлю Беларусі. Экспарт ва ўсе краіны зменшыўся на 43,3% у параўнанні з такім жа перыядам мінулага года і склаў 15 млрд. 9,1 млн. даляраў ЗША, імпарт — на 34,8% (да 20 млрд. 30,4 млн. даляраў), перадае БелаПАН.
У гэты перыяд Беларусь гандлявала са 176 краінамі. Тавары пастаўляліся на рынкі 135 дзяржаваў, імпартавалася прадукцыя з 167 краінаў. Асноўнымі гандлёвымі партнёрамі Беларусі былі: Расея — 47% ад агульнага аб'ёму таваразвароту; Нідэрланды — 7,9%; Германія — 6,2%; Украіна — 5,9%; Латвія — 3,5%; Польшча — 3,3%; Кітай — 2,5%; Вялікабрытанія — 2,1%; Італія — 1,7%; Бразілія і Індыя — па 1,4%.
Экспарт тавараў у Расею склаў 4 млрд. 729 млн. даляраў ЗША, што на 44,8% менш, чым за дзевяць месяцаў мінулага года; імпарт з Расеі — 11 млрд. 748,9 млн. (на 38,6% менш).
У Нідэрланды экспартавана тавараў на 2 млрд. 618 млн. даляраў (на 39,5% менш за мінулагодні паказчык), імпартавана з гэтай краіны — на 162,4 млн. (на 40,8% менш).
Аб'ём экспарту ва Украіну дасягнуў 1 млрд. 174,6 млн. даляраў (на 50,5% менш), імпарту ў Беларусь — 895,4 млн. (на 45,9% менш).
У Германію ў студзені—верасні экспартавана тавараў на 634,3 млн. даляраў (на 0,4% менш), імпартавана — на 1 млрд. 534,4 млн. (на 24%).
Экспарт у Польшчу склаў 603 млн. (на 60,9% менш), імпарт — 546,2 млн. (на 35,8%).
У Вялікабрытанію аб'ем экспарту склаўся на ўзроўні 570,8 млн. даляраў (на 50% менш), імпарт — 162,3 млн. (на 15,8%).
Аб'ём экспарту ў Кітай склаў 128,9 млн. даляраў (на 59,4% менш), імпарту — 751,5 млн. (на 24,7%).
У Латвію экспартавана прадукцыі на 1 млрд. 140,2 млн. даляраў (на 34,8% менш), імпартавана — на 87,1 млн. (на 18,2%). Гэтыя паказчыкі ў гандлі з Літвой склалі адпаведна 242,7 млн. даляраў (на 51,2% менш) і 138 млн. (на 15,6%).
Аб'ём экспарту ў ЗША склаўся на ўзроўні 29,2 млн. даляраў (на 76,2% менш), імпарту — на 319,4 млн. (на 12,6% менш).
Экспарт у Індыю за дзевяць месяцаў павялічыўся ў 1,9 раза да 405,7 млн. даляраў, імпарт — зменшыўся на 8% да 78,1 млн. даляраў.