Пікет у Брусэлі: Еўропу заклікалі спыніць спансаваць дыктатуру Лукашэнкі
- 16.11.2009, 16:26
У Дзень салідарнасці ў Брусэлі актывісты «Беларускага Эўрапейскага задзіночаньня» праводзяць пікет каля будынка, дзе праходзіць паседжанне Рады Еўрапейскага Звяза.
Як нагадвае «Радыё Свабода», сярод пытанняў, якія абмяркуюць міністры замежных спраў усіх 27 краін Еўразвяза, будзе і пытанне працягнення санкцый супраць беларускага кіраўніцтва.
Як распавёў старшыня «БЭЗ» Зміцер Піменаў, «гэта інфармацыйны пікет, падчас якога мы распаўсюджваем заявы партыі КХП-БНФ, у якой гаворыцца, што палітыкі Еўропы мусяць разглядзець пытанне пра тое, што беларусы не маюць магчымасці падаваць скаргі ў Страсбургскі суд па правах чалавека. Гэта адно з нашых патрабаванняў».
Зміцер Піменаў упэўнены, што грошы, якія вылучае беларускім уладам Еўразвяз і МВФ, накіраваныя супраць Еўропы.
«Мы звяртаем увагу на тое, што тыя грошы, якія вылучае Еўразвяз для беларускага народа, на наш погляд, ідуць не пераўзбраенне антыеўрапейскага ваеннага блока, -- заяўляе старшыня «БЭЗ». – Мы не бачым, каб грошы, атрыманыя ад МВФ, дайшлі да людзей, і прынеслі карысць Беларусі. Вельмі сумна, што гэтыя грошы пойдуць на новыя ракеты, танкі і зенітныя комплексы, якія будуць накіраваныя супраць гарадоў Польшчы і краін Балтыі. Мы распаўсюдзілі больш за 600 улётак. Вельмі прыемна, што падыходзяць палітыкі, цікавяцца. Прадстаўнікі Латвіі, Літвы і Эстоніі выказваюць нам словы салідарнасці».