BE RU EN

Лукашэнка спалохаўся санкцыяў ЕЗ: акцыя ў Менску прайшла мірна (Фота, відэа)

  • 16.11.2009, 18:26

Акцыя салідарнасці з палітвязнямі і сем'ямі выкрадзеных апазіцыянераў прайшла 16 лістапада на Кастрычніцкай плошчы Менска. Міліцыя не перашкаджала яе правядзенню, але за Палацам рэспублікі стаялі аўтазакі.

У акцыі ў цэнтры Менска ўдзельнічалі лідэры грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка, Зміцер Бародка, Яўген Афнагель, Павал Юхневіч, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, лідэры «Маладога фронту» Мікалай Дземідзенка, Наста Палажанка, былы старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, кіраўнік «Свабоднага тэатра» Наталля Каляда, вядомы мастак Алесь Пушкін, кіраўнік камітэта «Разам» Вячаслаў Сіўчык, сустаршыня аргкамітэта партыі БХД Віталь Рымашэўскі, граф Прушынскі, актывісты дэмакратычных арганізацыяў і простыя менчукі. Усяго на плошчу вышлі больш за 40 чалавек.

Перад пачаткам акцыі актывісты «Еўрапейскай Беларусі» запусцілі ў самым цэнтры Кастрычніцкай плошчы феерверк. Петарды ўзляталі ў неба пад скандаванне тымі, хто сабраўся, лозунгаў «Жыве Беларусь!» і «Свабоду палітвязням!»

На працягу 40 хвілінаў дэманстранты стаялі на плошчы з партрэтамі палітвязняў Арцёма Дубскага, Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Асіпенкі, арыштаванага бізнэсмэна, актывіста АГП Андрэя Бандарэнкі, бясследна зніклых апазіцыянераў Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі і Зміцера Завадскага, транспарантам «Мы памятаем» і бел-чырвона-белымі сцягамі.

Супрацоўнікі міліцыі, насуперак звычаю, не перашкаджалі мірнай акцыі. Яны толькі вялі відэаздымку таго, што адбывалася, і назіралі за акцыяй з боку. Тым не менш, за Палацам рэспублікі на плошчы стаялі аўтазакі і аўтобусы, поўныя супрацоўнікаў АМАПа.

Нагадаем, што ўсе мінулыя акцыі салідарнасці на Кастрычніцкай плошчы былі жорстка разагнаныя супрацоўнікамі АМАПа, іх удзельнікі былі збітыя і арыштаваныя. Мірны ход цяперашняй акцыі яе ўдзельнікі звязваюць з тым, што сёння ў Брусэлі разглядаецца пытанне падаўжэння візавых санкцыяў у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў з боку Еўразвяза.

Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бародка прыйшоў на акцыю салідарнасці, нягледзячы на тое, што сёння ён адзначае сваё 35-годдзе:

«Я б з задавальненнем застаўся дома за святочным сталом, але было б сорамна перад сябрамі не прыйсці ў гэты дзень. Так павялося, што апошнія чатыры гады я свой дзень нараджэння адзначаў на плошчы. Вырашыў не парушаць гэтую традыцыю. Сёння ў Брусэлі разглядаецца пытанне санкцыяў у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў. Лічу, што санкцыі павінны быць адноўленыя, хаця, відавочна, будзе падоўжаны мараторый. Усе папярэднія акцыі тут на плошчы былі жорстка разагнаныя, я разам з астатнімі ўдзельнікамі неаднаразова быў збіты і арыштаваны. Гэтая акцыя прайшла мірна. Відавочна, што ўлады проста вырашылі крыху пагуляць. Сёння акцыю не разагналі, але заўтра абавязкова разгоняць - гэта толькі гульня з боку ўладаў, ніякай дэмакратызацыі ў краіне не адбываецца», - заявіў Бародка ў інтэрв'ю charter97.org.

Выйшаў на Кастрычніцкую плошчу з партрэтам палітвязня Аўтуховіча і каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка:

«Гэта нашая старая барацьба з АМАПам. Яны нам не даюць збірацца на Кастрычніцкай плошчы, таму што мы патрабуем вызвалення нашых паплечнікаў Асіпенкі, Аўтуховіча і Дубскага. І за паўгады гэта, мусіць, першая акцыя, якая прайшла мірна. Усёткі гэта нашая маленькая перамога. Хаця, безумоўна, звязана гэта з тым, што сумарны знешні доўг Беларусі зараз складае 20 мільярдаў даляраў. Для параўнання ўявім, што Савецкі Саюз, які быў у 25 разоў большы за Беларусь па насельніцтве, меў бы 500 мільярдаў даляраў доўгу. Але СССР ніколі не меў такой запазычанасці - ён абрынуўся, калі яго доўг перавысіў 120 мільярдаў даляраў.

Таму зараз Лукашэнку да зарэзу патрэбныя грошы, мабілізаваныя ўсе агенты ўплывы, унутраныя і знешнія, каб гэтыя крэдыты атрымліваць. Уладам вельмі б хацелася разагнаць гэтую акцыю, але грошы сёння важней. Гэта таксама дэманструе, што міжнародны фактар на самой справе шмат што значыць. Калі б доўгі час не было гэтых бяздумных саступак Еўропы, дык свабодныя акцыі ў Беларусі праходзілі б ўжо даўно, а не толькі сёння ў дзень прыняцця Брусэлем рашэння па санкцыях», -- упэўнены Зміцер Бандарэнка.

Мастак Алесь Пушкін прыехаў у Менск са свайго роднага пасёлка Бобр:

«Прачытаўшы месяц таму, як гэта адбывалася ў мінулы Дзень салідарнасці 16 кастрычніка, я вельмі здзівіўся неадэкватнай рэакцыі ўладаў. Я глядзеў відэаролікі на сайце Хартыі, у «Нашай Ніве», як журналістам не давалі працаваць, як збівалі людзей. Мяне гэта ўразіла, і я сёння прыехаў паглядзець, што будзе. І вось убачыў яшчэ большы цынізм. Сёння прымаецца рашэнне адносна еўрапейскіх санкцыяў, а тут быццам бы ўсё нармальна. Але калі сёння мяне не арыштавалі, гэта не значыць, што не арыштуюць заўтра. Улады могуць зрабіць усё, што захочуць», - перакананы мастак.

Кіраўнік «Свабоднага тэатра» Наталля Каляда прыйшла на акцыю салідарнасці разам з малодшай дачкой Данай:

«Свабодны тэатр» заўсёды выступае за свабоду ва ўсіх яе праявах. Я сёння прыйшла на плошчу разам са сваёй дачкой. Я спыталася ў Даны, чаму яна сёння ідзе са мной, і яна адказала: таму што 16 дзень звязаны з 16 верасня, калі зніклі Анатоль Красоўскі і Віктар Ганчар. Удава Анатоля, Ірына Красоўская, з'яўляецца хроснай маці маёй дачкі. Маё дзіця таксама не разумее, чаму ў яе краіне людзей забіваюць, і як людзі, у якіх з намі адна Радзіма, ідуць супраць нас – збіваюць, забіваюць, саджаюць у турмы. Таму мы тут сёння з дачкой - нам неабходна адстойваць свабоду», - сказала Наталля Каляда ў інтэрв'ю charter97.org.

Апошнія навіны