BE RU EN

Стваральнікам партыі БХД пагражаюць звальненнямі і пазбаўленнем жылля

  • 19.11.2009, 8:26

Арганізатары партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» заявілі пра масавы ціск на актывістаў БХД з патрабаваннем адклікаць подпісы пад устаноўчымі дакументамі па стварэнні партыі.

Пра гэта БелаПАН паведаміў адзін з сустаршыняў партыі Віталь Рымашэўскі.

Паводле яго інфармацыі, супрацоўніцы Бабруйскага мясакамбіната Тамары Фёдаравай пагражаюць звальненнем з працы. Пры гэтым у дадзены момант яна знаходзіцца ў адпачынку. Алену Чужак, якая жыве ў адным з аграгарадкоў Менскай вобласці, прыстрашылі высяленнем разам з сям'ёй з дома, прадстаўленага дзяржавай, калі яна не адмовіцца ад свайго подпісу пад устаноўчымі дакументамі БХД.

Як раней заяўлялі БелаПАН прадстаўнікі БХД, Міністэрства юстыцыі пачало ціск на заснавальнікаў партыі яшчэ да падачы дакументаў на яе рэгістрацыю. Актывістцы БХД з Віцебску Дане Паповай патэлефанавалі з Міністэрства юстыцыі. У яе пыталіся, ці з'яўляецца яна заснавальніцай БХД, ці ўдзельнічала ва ўстаноўчым з'ездзе партыі ці ў сходзе па вылучэнні дэлегатаў на з'езд, хто з'яўляецца кіраўніком віцебскай арганізацыі БХД. У Пінску, Берасці і Бабруйску з людзьмі размаўлялі прадстаўнікі КДБ, патрабуючы ад іх, каб яны адклікалі свае подпісы са спісу заснавальнікаў партыі.

Па гэтых фактах сустаршыні БХД Павал Севярынец і Віталь Рымашэўскі падалі заяву ў Генеральную пракуратуру з просьбай разабрацца ў сітуацыі. «Аднак Генпракуратура паведаміла нам, што перанакіравала скаргу ў Мінюст, на які мы, уласна, і скардзіліся», — паведаміў Рымашэўскі.

«Мы лічым, што гэты ціск ужо можна называць палітычнымі рэпрэсіямі. Мы заклікаем улады і персанальна Аляксандра Лукашэнку неадкладна спыніць пераслед заснавальнікаў БХД і іх сем'яў», — заявіў Рымашэўскі.

Апошнія навіны