BE RU EN

Генпракуратура не заўважыла, што Лукашэнка сфальсіфікаваў выбары

  • 2.11.2009, 16:56

Беларускія палітыкі так і не атрымалі адказ на калектыўны зварот з патрабаваннем узбудзіць крымінальную справу супраць Аляксандра Лукашэнкі.

Палітыкі патрабавалі ўзбудзіць крымінальную справу па факце заявы беларускага правіцеля пра фальсіфікацыю вынікаў галасавання на прэзідэнцкіх выбарах 2006 года, паведамляе сайт www.udf.by.

Прадугледжаны для адказу тэрмін у Генпракуратуры скончыўся 24 кастрычніка 2009 года.

Падставай для звароту сталі выказванні Аляксандра Лукашэнкі, апублікаваныя 26 жніўня ў расейскай газеце «Известия».

«За мяне на апошніх выбарах прагаласавала, да ведама, 93%. І я прызнаўся пасля, калі на мяне проста пачалі ціснуць, што мы фальсіфікавалі выбары. Я аддаў каманду, каб не 93% было, а дзесьці там 80, я не памятаю, колькі. Бо за 90% - гэта ўжо псіхалагічна не ўспрымаецца. Але гэта была праўда», - заявіў Лукашэнка.

24 верасня 2009 года апазіцыйныя палітыкі перадалі ў Генеральную пракуратуру зварот, у якім заклікалі Генпракурора Рыгора Васілевіча «высветліць, каму Аляксандр Лукашэнка аддаў каманду фальсіфікаваць вынікі галасавання, і хто, якім чынам гэта ажыццяўляў на практыцы».

Месячны тэрмін, які прадугледжаны законам аб звароце грамадзян, скончыўся тыдзень таму, аднак рэакцыі Генпракуратуры дагэтуль няма.

Адзін з ініцыятараў зварота, лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька складзенай сітуацыяй не здзіўлены.

«Аляксандр Рыгоравіч валодае дарам ствараць дадатковыя праблемы для сваіх чыноўнікаў. Ён спачатку скажа, а пасля ўсе астатнія пачынаюць чухаць патыліцы і думаць, як на гэта адрэагаваць, — сказаў палітык. — Фактычна ён прызнаўся, што ў Беларусі адбываецца фальсіфікацыя вынікаў выбарчай кампаніі. Такім чынам, як мінімум некалькі структур зараз павінны знаходзіцца ў сферы інтэрасаў праваахоўных органаў. Гэта Цэнтральная выбарчая камісія, камісіі рэгіянальнага ўзроўня».

Паводле словаў старшыні АГП, пракуратура трапіла ў нялёгкую сітуацыю, і, відаць, чыноўнікі шукаюць фармулёўку, каб адрэагаваць на зварот.

Анатоль Лябедзька падкрэсліў, што хоча бачыць адказ Генпракуратуры. Аднак асабіста Рыгор Васілевіч яго не падпіша, мяркуе палітык.

Аўтары звароту лічаць таксама, што пасля заяў пра фальсіфікацыю дзейсны склад Цэнтральнай выбарчай камісіі не мае права ўдзельнічаць у арганізацыі наступнай выбарчай кампаніі, і павінен у поўным складзе сыйсці ў адстаўку.

«Лукашэнка сам кажа, што яны (ЦВК фальсіфікатары). Але калі яны фальсіфікатары, а Лукашэнка хоча праводзіць ужо ліберальныя і свабодныя чарговыя выбары, то гэта павінны рабіць новыя людзі», — заявіў Анатоль Лябедзька.

Апошнія навіны