BE RU EN

«Telegraph»: Беларусь і Расея рэпеціравалі ядзерны ўдар па Польшчы

  • 2.11.2009, 17:40

Заходнія СМІ пішуць, што падчас расейска-беларускіх вучэнняў распрацоўваўся напад на Польшчу.

Удар па тэрыторыі Польшчы і высаджванне дэсанта на ўзбярэжжа гэтай краіны былі адпрацаваныя падчас нядаўніх сумесных вучэнняў расейскіх і беларускіх вайскоўцаў «Захад-2009», паведамляе «Telegraph» са спасылкай на польскі часопіс «Wprost».

У адпаведнасці з легендай вучэнняў, агрэсарам выступала Польшча. Пры гэтым расейскія Ваенна-паветраныя сілы падчас вучэнняў праводзілі трэніроўку па выкарыстанні ядзернай зброі.

Брытанскі «Telegraph» адзначае, што вучэнні пад назвай «Захад-2009» мелі абаронны статус, нягледзячы на відавочна агрэсіўны характар. Таксама з тэрыторыі Калінінградскай вобласці быў здзейснены вучэбны напад на газаправод.

Польскі дэпутат Караль Карскі ўжо накіраваў у Еўракамісію пратэст у сувязі з правядзеннем вучэнняў. Яго калега Марак Апіёла звязвае правядзенне ваенных вучэнняў «Захад -2009» з 70-мі ўгодкамі нападу СССР на Польшчу.

Паводле словаў міністра абароны Польшчы Багдана Кліха, расейска-беларускія манеўры – «дэманстрацыя сілы». Ён таксама дадаў, што польскія вайскоўцы ўважліва сочаць за дзеяннямі сваіх суседзяў.

Нагадаем, што ў канцы кастрычніка ваенныя вучэнні «Захад-2009» раскрытыкаваў міністр замежных спраў Эстоніі Урмас Паэт.

«Ваенныя вучэнні ў меж краін Балтыі сведчаць пра тое, што Расея па-ранейшаму выкарыстоўвае істотныя сродкі для барацьбы з НАТА»,- заявіў кіраўнік МЗС Эстоніі на Рыжскай канферэнцыі.

«Праведзеныя Расеяй вучэнні ў меж краін Балтыі былі найбуйнейшымі за дзесяць гадоў, а іх мэтай было «адрэзаць тры краіны Балтыі ад НАТА»,- сказаў кіраўнік эстонскага МЗС.

Таксама пра тое, што ў сцэнар расейска-беларускіх вучэнняў «Захад-2009» уваходзіла ўварванне ў краіны Балтыі ў рамках вызвалення «акружанага Калінінграда» казаў міністр абароны Латвіі Імантс Ліегіс.

Адзначым, што яшчэ ў канцы верасня беларускі ваенны аналітык Аляксандр Алесін заяўляў, што падчас вучэнняў адпрацоўвалася сітуацыя, калі расейскія войскі вызваляюць Калінінград, а затым «займаюць балтыйскі плацдарм».

У сваю чаргу прэзідэнт Эстоніі Тоомас Хендрык Ільвес прапанаваў правесці ў адказ вучэнні НАТА у Балтыі.

Апошнія навіны