BE RU EN

Улады падпісалі «смяротны прысуд» аўтадылерам

  • 20.11.2009, 12:23

Пытанне пра пошліны на аўтамабілі, якія ўвозяцца юрыдычнымі асобамі ў рамках Мытнага саюза, ужо ўзгоднена.

Пра гэта заявіў сёння ў Берасці старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Аляксандр Шпілеўскі.

Паводле словаў кіраўніка ДМК Беларусі, рашэнне пра пошліны на аўтамабілі, якія ўвозяцца грамадзянамі Беларусі з іншых краін для асабістага карыстання, будзе прымацца асобна кіраўнікамі дзяржаў трох краін, паведамляе «Ежедневник».

А вось па пошлінах на аўтамабілі, якія ўвозяцца юрыдычнымі асобамі, пытанне ўжо вырашана. І гэта рашэнне, падобна, не прынясе нічога добрага аўтамабільным дылерам. Яны прадказваюць аднаўленне шэрых схем увозу, калі аўтамабілі будуць афармаляцца на фізічных асобаў, якія будуць здаваць машыны на камісію ў дылерскія цэнтры. У свой час такія схемы ўвялі з падаткаабкладання мільёны даляраў і сталі нагодай для ўзбуджэння мноства гучных крымінальных спраў. Зараз, падобна, сітуацыя паўтараецца.

Беларуская аўтамабільная асацыяцыя раней заяўляла, што самую сур’ёўную страту аўтамабільнаму рынку прынясе падвышэнне мытных пошлін на імпартную тэхніку, якая ўвозіцца, да ўзроўня расейскіх. Мяркуецца, што пры стварэнні Мытнага саюза ўсе аўтадылеры будуць вымушаныя растамажываць аўтамабілі па новых пошлінах. На думку экспертаў, у выпадку падвышэння пошліны да расейскай «растаможка» аўтамабіляў можа падаражэць для беларусаў на 30-70%.

Нагадаем, што ў канцы лістапада ў Менску на паседжанні Міждзяржсавета ЕўрАзЭС плануецца падпісанне Мытнага кодэкса Расеі, Беларусі і Казахстана, які прадугледжвае ўніфікацыю мытных заканадаўстваў трох дзяржаў.

Апошнія навіны