BE RU EN

Рада БНР: «Беларусь не павінна быць чужой калёніяй, дзе не паважаюць герояў»

  • 23.11.2009, 12:02

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла зьвярнулася да беларусаў з нагоды гадавіны Слуцкага Збройнага Чыну.

«Дарагія суродзічы! -- прыводзіць «Радыё Свабода» словы старшыні Рады БНР. -- Зноў надыходзяць дні, калі мы традыцыйна ўзгадваем Збройны Чын нашых продкаў, якія ў 1920 годзе, перад бальшавіцкай навалай, пайшлі бараніць сваю дзяржаву – Беларускую Народную Рэспубліку.

Было іх дзесяць тысяч. Дзесяць тысяч герояў, якія ўзялі на сябе адказнасьць абараніць свой край ад агрэсараў.

У постсавецкім часе цяжка сабе ўявіць, што такое магло адбыцца менш як дзевяноста гадоў таму.

Каб наш край быў вольным, Слуцкіх ветэранаў, якія выйшлі жывымі з таго змаганьня, у Беларусі шанавалі б і паважалі б як герояў, найлепшых сыноў і дачок нашай зямлі. Нажаль, мы сталіся чужой калёніяй. Ня толькі не шанавалі іх акупанты, але і каралі змагароў за іх геройскі Збройны Чын. Пра загінуўшых дзесяцігодзьдзямі ня ўзгадвалі.

Сёньня зьвяртаюся да вас, дарагія суродзіы на Бацькаўшчыне. Адведайце 27-га лістапада магілы герояў, якія пайшлі ўміраць, каб жыла вольная беларуская дзяржава – Беларуская Народная Рэспубліка.

Суродзічаў у замежжы прашу адзначыць угодкі Слуцкага Збройнага Чыну і прыгадаць імёны змагароў, пра якіх вы ведаеце. Я асабіста прыпамінаю з удзячнасьцю імя случака, Лявона Рыдлеўскага, зь якім пазнаёмілася яшчэ ў дзяцінстве і магілу якога адведае наша грамада ў Лёндане.

Віншую ўсіх вас з угодкамі слаўнага Слуцкага Збройнага Чыну. Жыве Беларусь!» – гаворыцца ў звароце Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы.

Слуцкі збройны чын – паўстанье ўзброеных атрадаў ў лістападзе і сьнежні 1920 года, мэтай якога была абарона Беларускай Народнай Рэспублікі. У беларускіх асяродках замежжа 27 лістапада традыцыйна адзначаеца як Дзень Герояў.

Апошнія навіны