Гісторык Кузняцоў: «За 20 гадоў улады нічога не зрабілі для мемарыялізацыі Курапатаў»
- 23.11.2009, 12:34
Улады адмаўляюцца адкрыць архівы КДБ, апублікаваць імёны ахвяраў палітрэпрэсіяў і праводзіць іх рэабілітацыю.
Дзяржава дагэтуль не выканала ўзятыя на сябе 20 гадоў таму абавязальніцтвы па ўшанаванні памяці ахвяраў сталінізму ў Курапатах, заявіў 20 лістапада ў Менску на паседжанні круглага стала «Курапаты — 20 гадоў пасля» даследчык тэмы палітычных рэпрэсіяў у СССР кандыдат гістарычных навук Ігар Кузняцоў.
Паводле яго словаў, 18 студзеня 1989 года была прынятая пастанова Савета міністраў БССР «Аб ушанаванні памяці ахвяраў масавых рэпрэсіяў 1937—1941 гадоў у лясным масіве Курапаты». «Аднак ніводнае з палажэнняў гэтага дакумента не выкананае. Гаворка ідзе пра збудаванне помніка, правядзенне адкрытага конкурсу на яго праект і ўладкаванне ўрочышча, пра фінансаванні гэтых працаў, пра вывучэнне прычынаў і наступстваў масавых рэпрэсіяў 1930-х — пачатку 1950-х гадоў, а таксама пра выпуск спецыяльнага энцыклапедычнага выдання з мэтай ушанавання памяці ахвяраў рэпрэсіяў», — адзначыў навукоўца.
Акрамя Курапатаў дзяржава дагэтуль афіцыйна не прызнала ніводнага месца ў Беларусі, дзе ў гады сталінізму здзяйсняліся масавыя расстрэлы бязвінных людзей; адмаўляецца адкрыць архівы КДБ, апублікаваць імёны ахвяраў палітрэпрэсіяў і праводзіць іх рэабілітацыю, падкрэсліў Кузняцоў.
Археолаг, кандыдат гістарычных навук Андрэй Мяцельскі адзначыў, што следства, праведзенае ў 1988 годзе з удзелам гісторыкаў, прадстаўнікоў сілавых структураў і грамадскасці, прыйшло да адназначнай высновы пра тое, што расстрэлы ў Курапатах праводзіліся супрацоўнікамі НКУС.
Па словах даследчыка тэмы сталінскіх рэпрэсіяў Леаніда Маракова, не вытрымліваюць ніякай крытыкі нядаўнія выказванні ў дзяржаўнай прэсе пра тое, што ў Курапатах пахаваныя не толькі ахвяры савецкага таталітарызму, але і іх каты. «Як паказвае практыка, супрацоўнікаў НКУС ніколі не расстрэльвалі разам са звычайнымі людзьмі», — сказаў Маракоў.
Старшыня грамадскага аб'яднання «Хрысціянская злучнасць «Курапаты» Вацлаў Нямковіч выказаў асцярогу ў сувязі з намерам дзяржавы правесці ва ўрочышчы працы па ўшанаванні памяці ахвяраў сталінізму. Паводле яго словаў, у сітуацыі, калі ў Курапатах склаўся народны мемарыял, неабходна вызначыць месца дзяржавы ў справе ўшанавання бязвінных ахвяраў, каб пазбегнуць чарговага супрацьстаяння грамадскасці з уладамі, як гэта мела месца ў 2001—2002 гадах пры пашырэнні Менскай кальцавой аўтамабільнай дарогі, сказаў Нямковіч.