BE RU EN

Берлусконі збіраецца прыехаць у Менск 30 лістапада

  • 24.11.2009, 9:38

Пра гэта паведаміў Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Італьянскай Рэспублікі ў Беларусі Джуліо Прыджоні.

«Беларусь і Італія знаходзяцца на выключна важным этапе актывізацыі ўзаемаадносін і ў бліжэйшай перспектыве могуць зрабіць якасны рывок ва ўзаемавыгадным супрацоўніцтве, аб чым сведчыць і маючы адбыцца 30 лістапада візіт у Менск Сільвіо Берлусконі», - цытуе кіраўніка італьянскай дыпмісіі БелТА.

«У Беларусі і Італіі кардынальна новы перыяд супрацоўніцтва, - сказаў амбасадар. - Ніколі раней у гісторыі двухбаковых адносін у нас не было цягам такога кароткага перыяду часу афіцыйных візітаў міністраў замежных спраў і італьянскага прэм'ер-міністра».

Як вядома, кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Італіі абмяняліся ў гэтым годзе візітамі. Сяргей Мартынаў у лютым пабываў у Італіі і Ватыкане. Міністр замежных спраў Італіі Франка Фраціні 30 верасня з афіцыйным візітам наведаў Менск, правёў серыю перамоваў на вышэйшым узроўні і падпісаў пагадненне аб адукацыйных праграмах. У прыватнасці, адбылася сустрэча Франка Фраціні з Аляксандрам Лукашэнкам, у час якой быў вызначаны вектар дзеянняў на бліжэйшую перспектыву і пацверджаны візіт прэм'ер-міністра Італіі Сільвіо Берлусконі, запланаваны на 30 лістапада гэтага года.

«Усё гэта – адказ на візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Італію і Ватыкан гэтай вясной», - падкрэсліў Джуліо Прыджоні.

Апошнія навіны