Фатографаў сусветных СМІ не пускаюць на саміт ЕўрАзЭС у Менску
- 25.11.2009, 10:58
Не акрэдытавалі фатографаў агенцтваў «Associated Press», «France Press», «Reuters».
Не атрымала акрэдытацыі таксама беларуская газета «Наша Ніва».
Як паведамілі сайту charter97.org журналісты, іх апавясцілі, што ў будынку Нацыянальнай бібліятэкі Менска, дзе адбудзецца паседжанне Міждзяржаўнага савета Еўразійскай эканамічнай супольнасці на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаваў, недастаткова месцы. Арганізатары мерапрыемства з беларускага боку заявілі, што асвятляць саміт прыедзе вельмі шмат прадстаўнікоў СМІ Расеі і Казахстана, таму колькасць акрэдытаваных журналістаў вырашана абмежаваць.
Вядома, што ні з Расеі, ні з Казахстана ў Менск не прыедуць фотакарэспандэнты «Associated Press», «France Press» і «Reuters», таму гэтыя агенцтвы пазбавіліся магчымасці атрымаць здымкі з саміту.
Самі журналісты абураныя гэтай сітуацыяй. Паводле іх словаў, у будынку Нацыянальнай бібліятэкі раней праходзілі мерапрыемствы з удзелам не трох, а 12 прэзідэнтаў краінаў СНД і недахопу ў колькасці месцаў не адчувалася.
Нагадаем, што паседжанне Міждзяржаўнага савета Еўразійскай эканамічнай супольнасці адбудзецца ў Менску 27 лістапада. Прэзідэнты Расеі, Беларусі і Казахстана падпішуць дакументы, звязаныя з пачаткам функцыянавання Мытнага саюза.