BE RU EN

Кнігу Алега Алкаева «Расcтрэльная каманда» прэзэнтуюць у Гаазе

  • 26.11.2009, 8:51

27 лістапада ў Гаазе пройдзе прэзентацыя кнігі былога начальніка Менскага СІЗА Алега Алкаева «Расcтрэльная каманда», перакладзенай на нідэрландскую мову.

Як паведаміў БелаПАН аўтар выдання, пераклад кнігі «Расстрэльная каманда» не самамэта і не камерцыйны праект. «Я спадзяюся данесці да грамадзянаў Расеі і Еўропы, — адзначае Алкаеў, — і ў першую чаргу да расейскіх і еўрапейскіх палітыкаў, прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі і праваабарончых арганізацыяў усю тую жудасную рэчаіснасць, якая да гэтага часу мае месца ў Беларусі і спароджаная неабмежаванай уладай Аляксандра Лукашэнкі».

Аўтар выказвае падзяку за садзейнічанне ў выданні кнігі дэпутату Еўрапарламента Хансу Ван Балену, прадстаўнікам грамадскасці Галандыі і беларускай дыяспары ў гэтай краіне.

Нагадаем, што ў 1999-2000 гадах у Беларусі зніклі першы віцэ-спікер Вярхоўнага Савета Беларусі 13 склікання, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар, бізнэсмэн і грамадскі дзеяч Анатоль Красоўскі, экс-кіраўнік МУС, які пасля стаў апазіцыйным палітыкам, Юры Захаранка і аператар расейскага тэлеканала ГРТ Дзмітры Завадскі.

Пра неабходнасць высветліць лёс зніклых беларускіх апазіцыянераў увесь час заяўляе міжнародная супольнасць. Патрабаванне раскрыць праўду пра іх знікненне ўтрымліваецца ў рэзалюцыях Камісіі ААН па правах чалавека, Парламенцкіх асамблеяў Рады Еўропы і АБСЕ.

Шэрагу высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, у прыватнасці экс-міністру ўнутраных справаў Уладзіміру Навумову, былому сакратару Савета бяспекі Віктару Шэйману, былому кіраўніку МУС Юрыю Сівакову і экс-камандзіру САХРа Дзмітрыю Паўлічэнку забаронены ўезд у краіны Еўразвяза і ЗША з-за падазрэнняў у іх датычнасці да выкраданняў апазіцыянераў.

Апошнія навіны