Ханс ван Баален: «Калі б Пуцін захацеў, то Лукашэнкі не стала б цягам 24 гадзін»
- 26.11.2009, 15:47
Жорсткія заявы на адрас рэжыму Аляксандра Лукашэнкі зрабіў галандскі палітык, дэпутат Еўрапейскага парламента Ханс ван Баален.
«Беларусь – чорная дзірка Еўропы», лічыць Ханс ван Баален. Пра гэта, як паведамляе «Delfi», ён піша ў прадмове да галандскага выданні кнігі Алега Алкаева «Расстрэльная каманда», прысвечаную палітыкам і бізнэсмэнам, выкрадзеным у Беларусі ў перыяд кіравання Аляксандра Лукашэнкі.
«Хто сочыць за падзеямі ў Беларусі і прачытаў кнігу «Расстрэльная Каманда» Алега Алкаева, той са стоадсоткавай упэўненасцю ведае адно: Беларусь – Чорная дзірка Еўропы, - піша еўрапарламентар. - Апошняя дыктатура Еўропы трымаеца, накшталт фантастычнага рамана «1984» ангельскага пісьменніка Джорджа Оруэлла, на змане, карупцыі, махінацыях, рэпрэсіі, катаваннях і забойствах».
На думку Ханса вана Баалена, цяпер «некаторым еўрапейскім дзяржавам - і ў межах Еўрапейскага Звяза і за яго межамі – варта зрабіць высновы і заняць канкрэтную пазіцыю».
«Аказаць усякую магчымую дапамогу (падпольным) апазіцыйным сілам у самой Беларусі, а таксама апазіцыі, якая аказваецца ў выгнанні за мяжой. Галоўнае – лукашэнкаўскі рэжым аддаць анафеме. Гэта ў галіне эканомікі, палітыкі, культуры і ў сацыяльных пытаннях», - перакананы аўтар прадмовы.
Ханс ван Баален піша, што Расея гуляе ў гэтай справе вельмі важную ролю, і што «калі б Пуцін захацеў, то паводле яго загаду дыктатара Лукашэнкі не стала б на працягу 24-х гадзін».
«Трэба растлумачыць прэзідэнту РФ Мядзведзеву і прэм'ер-міністру Пуціну, што іх калега Лукашэнка не толькі занявольвае сваё насельніцтва, а таксама шкодзіць расейскім інтэрасам, - піша Х.Баален. - Як гэта было падчас украінскай Памаранчавай рэвалюцыі, Еўрапейскі Звяз павінен растлумачыць спадарам Мядзведзеву і Пуціну: няма далёкага замежжа, няма блізкага. Існуе толькі паняцце дзяржава і ўсё што знаходзіцца за межамі гэтай дзяржавы, называецца замежжам. Значыць, Беларусь для Расеі - замежжа. Калі Расея не гатовая прызнаць гэты факт, то з часам гэта павядзе да негатыўных наступстваў для яе. Калі б Пуцін захацеў, то паводле яго загаду дыктатара Лукашэнкі не стала б на працягу дваццаці чатырох гадзін. І чорная дзірка была б зачыненая».
Кнігу Алега Алкаева «Расстрэльная каманда», выпушчаную некалькі гадоў таму на расйскай, пераклалі на нідэрландскую мову. Прэзентацыя кнігі пройдзе ў пятніцу ў Галандыі.