Мірон адзначыў угодкі Слуцкага збройнага чыну
- 27.11.2009, 9:30
Увечары 26 лістапада на ўездзе ў райцэнтр Лёзна з'явіўся бел-чырвона-белы сцяг.
Пра гэта «Радыё Свабода» паведаміў віцебскі апазіцыянер Барыс Хамайда, ўдакладніўшы, што сцяг быў прымацаваны да электралініі над трасай Віцебск – Лёзна.
Спаслаўшыся на вартыя даверу крыніцы, апазіцыянер таксама паведаміў, што да сцяга прымацаваная цыдулка са словамі «Вечная памяць героям Слуцкага Збройнага Чыну». Па словах Барыса Хамайды, бел-чырвона-белы сцяг вывесіў легендарны Мірон.
Слуцкі збройны чын – паўстанне ўзброеных атрадаў у лістападзе і снежні 1920 года, мэтай якога была абарона Беларускай Народнай Рэспублікі. 27 лістапада традыцыйна адзначаецца як Дзень Герояў.