BE RU EN

Прадпрымальнікам выпісваюць штрафы па 100 000 даляраў

  • 27.11.2009, 12:28

Апошнім часам індывідуальныя прадпрымальнікі ўсё часцей абкладаюцца буйнымі штрафамі.

У двух выпадках штрафы дайшлі да сотні тысяч даляраў. Цікава, што комплексныя праверкі гэтых жа ІП, праведзеныя напрыканцы мінулага года, паказалі –да прадпрымальнікаў у дзяржавы прэтэнзій няма.

«Тры гады я, як і ўсе астатнія, быў упэўнены, што для гандлю гарбатай і кавай, увезенымі з Расеіі дробнымі партыямі, дастаткова серыйнага расейскага сертыфіката. У любым разе, нам так тлумачылі ў падатковай. Комплексная праверка ў лістападзе 2008 года не выявіла ў мяне ніякіх правапарушэнняў. А праз некаторы час пасля гэтага мяне штрафуюць на 277 млн. 729 тыс. 440 рублёў! – распавёў сайту «Мы» прадпрымальнік з Віцебску, сябра РГА «Перспектыва» Аляксандр Смаляк. – Атрымліваецца, нас проста падставілі. Калегі ў рэгіёнах папросту не вераць, што такое можа быць. А я лічу, што на нас проста трэніруюцца, а пасля такія штрафы пойдуць па ўсёй краіне – бо ўсе гандлявалі па гэтай жа схеме».

Смаляк, як і прадпрымальніца Ала Жыгунова (штраф 273.333.320 рублёў), як і тысячы іншых ІП, увозілі тавар дробнымі партыямі да 200 еўра з выкарыстаннем серыйных сертыфікатаў, выдадзеных прадстаўнікамі расейскіх фірмаў адмыслова для Беларусі. Для неаднаразовых праверак раней гэтага было дастаткова, але не для апошняй, якая адбылася ў ліпені. Паводле яе вынікаў Смаляку выпісаны штраф у памеры 30 базавых велічынь, канфіскаваны тавар на суму 2.878.100 рублёў і канфіскаваны ўвесь прыбытак за апошнія тры гады - 277.729.440 рублёў.

«Я, натуральна, такія грошы выплаціць не магу. Справу я закрыў – і зараз буду выплочваць 20% ад любых прыбыткаў штомесяц. Магчыма, да канца жыцця тысяч 15-20 даляраў здолею выплаціць. Але бізнэсам займацца больш не буду. У нас лепш дармаедам быць, алкаголікам – табе яшчэ і дапамогуць сацыяльна. А калі працуеш – атрымай вось такі падарунак ад дзяржавы. Ад той дзяржавы, чые служачыя тры гады запар казалі, што працаваць па такой схеме можна, - кажа Аляксандр Смаляк. – Паспрабую абскардзіць гэтае рашэнне, хаця давядзецца сабраць неверагодную колькасць дакументаў. Ды і асаблівай веры дзяржаве ўжо няма».

Апошнія навіны