«Любімая» поза Лукашэнкі
- 29.11.2009, 15:20
Беларусь не будзе «паўзці на каленях» да Еўразвяза, заявіў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю італьянскай газеце «Ла Стампа». Думка цікавая, але вось што насцярожыла: дзесьці пра гэтыя калені мы ўжо чулі.
Прычым, здаецца, не адзін раз. Пошукавік на словазлучэнне «Лукашэнка» «калені» выдаў аж 30624 старонкі (!), піша газета «Салідарнасць».
«Але паўзці на каленях мы не маем намеру. У нас няма той сітуацыі, каб мы, дрыжачы ў коленцах ці ўсім целам, беглі ў Еўразвяз», — сказаў Лукашэнка італьянскай газеце 25 лістапада 2009 года.
Глядзім далей. Чэрвень 2009 года. Заява Лукашэнкі адносна яго нежадання ўдзельнічаць 14 чэрвеня ў Маскве ў сесіі Савета па калектыўнай бяспецы АДКБ, распаўсюджаная прэс-службай беларускага кіраўніка
«Аднак калі найбліжэйшы саюзнік Беларусі па АДКБ спрабуе, цалкам усведамляючы тое, што адбываецца, знішчыць гэтую аснову, фактычна паставіць беларусаў на калені — як у такой сітуацыі можна казаць пра ўмацаванне калектыўнай бяспекі на агульнай прасторы Арганізацыі?»
А гэта ўжо красавіцкая заява кіраўніка дзяржавы падчас працоўнай паездкі па Гомельскай вобласці, звернутая да чальцоў урада ў сувязі з малочным канфліктам з Расеяй:
«Трэба спыніць «поўзаць на каленях» па іх кабінетах. Не хочуць пускаць нас на свае рынкі — нам трэба шукаць іншыя вектары экспарту. Жыццё прымушае лезці нас на іншыя рынкі».
Сімптом, здаецца, у наяўнасці. Асабліва, улічваючы, што на некалькі месяцаў раней, у канцы снежня 2008-га, Аляксандр Лукашэнка ізноў заявіў:
«Хацеў бы адразу адказаць на тыя інсінуацыі, якія ў апошні час раздаюцца ў свеце, згодна з якімі Беларусь нібы на каленях паўзе ў Крэмль, каб чагосьці выпрасіць».
Пра гэтую ж нязручную позу Лукашэнка казаў і ў чэрвені 2008 года, падчас сустрэчы са студэнтамі менскіх вну на месцы будаўніцтва студэнцкай вёскі:
«Калі мы будзем увесь час «спатыкацца» аб энерганосьбіты, стаяць на каленях, дык якія тады незалежнасць і суверэнітэт».
Адзначыўся «укленчанымі» выказваннямі Аляксандр Рыгоравіч і ў 2008, і ў 2007 і далей па спісе гадах:
«Калі складуцца форс-мажорныя абставіны, пастаўляць нафту з іншых краінаў, можа, будзе і даражэй, але мы на каленях стаяць не будзем». (4 красавіка 2007 г. , падчас працоўнай паездкі па Берасцейскай вобласці.)
«Без вашага подзвігу краіна стаяла б на каленях». (Верасень 2007-га, звяртаючыся да працаўнікоў сяла.)
А гэта ўвогуле з ранняга:
«...Цярпліва падказвайце, рэкамендуйце, растлумачвайце, але не спрабуйце паставіць мяне на калені і не навязвайце сваю волю...» (Інтэрв'ю А.Р.Лукашэнкі карэспандэнту газеты The Wall Street Journal, сакавік 2002-га.)
Складаецца ўражанне, што ўвесь свет засынае і прачынаецца з адзінай думкай: як паставіць сінявокую Беларусь на калені? І няма больш важных клопатаў ні ў Вашынгтона, ні ў Масквы, ні ў Брусэля, ні ў Тэгусіпальпы.
Вось, відаць, праўду кажуць: у каго што баліць…