BE RU EN

Сакрэтны дакумент: Беларусы паміраюць ад пнеўманіі, ускладненай свіным грыпам

  • 3.11.2009, 15:08

Лекары дакладваюць у Міністэрства аховы здароўя, што ўжо каля дзесяці чалавек памерлі ў Менску ад пнеўманіі, якая стала ўскладненнем грыпу A(H1N1).

У распараджэнні журналістаў трапіла медыцынскае данясенне пра тое, што чыннікам смерці двух людзей 27 і 36 гадоў (памерлі ў адзін дзень) з'явілася пнеўманія. Аднак ва ўзорах тканін памерлых «выяўлена РНК грыпу A(H1N1) swine».

Гісторыя смерці мужчыны 27 гадоў такая. Першапачаткова ён з высокай тэмпературай звярнуўся ў раённую паліклініку, лячыўся дома, але праз некалькі дзён апынуўся ў 6-й лякарні, дзе і памёр 26 кастрычніка.

Увогуле, паводле словаў крыніцы «Белорусских новостей» - лекара аднаго з шпіталёў Менска, у Беларусі ад грыпу A(H1N1) паміраюць галоўным чынам маладыя людзі.

Складанасць у тым, што заключэнне пра смерць з'яўляецца толькі першым крокам у доказе смерці ад вірусу і, як падкрэсліў суразмоўца, дае магчымасць чыноўнікам бяздзейнічаць, заяўляць пра змяшаную інфекцыю і гэтак далей. Для сцвярджэння, што смерць наступіла менавіта ад грыпу A(H1N1), патрэбны патолагаанатамічны дыягназ, гісталагічныя даследаванні, якія і здольныя даказаць, што прырода пнеўманіі звязана з вірусам A(H1N1). Медыцынскія чыноўнікі могуць сцвярджаць, што грып з'яўляецца фонавым дыягназам, а не першапрычынай ускладненняў, і будуць фармальна правы.

Пакуль доктар валодае інфармацыяй прыкладна пра дзесяць вірусалагічна пацверджаных выпадках смерці ў выніку грыпу A(H1N1). Ён сцвярджае: «Пнеўманія, пра якую ідзе гаворка, з'яўляецца ўскладненнем грыпу A(H1N1), не бактэрыяльнай, а звязанай з паражэннем сасудаў. Кажучы простай мовай, хворы чалавек захлынаецца, не можа дыхаць. Яго адпраўляюць на штучную вентыляцыю лёгкіх, але ён памірае. Развіваецца захворванне за тры-чатыры дні».

Афіцыйнага пацверджання слоў доктара няма. Пводле некаторых дадзеных, лекарам забаронена падаваць якія б там ні было звесткі пра бягучую сітуацыю па вірусе A(H1N1). На запыты ў Міністэрства аховы здароўя дагэтуль няма адказу. На прэс-канферэнцыях жа прадстаўнікі міністэрства адмаўляюць выпадкі смерці ў выніку развіцця гэтага вірусу або адмаўляюцца ад каментароў. Усё гэта — каб пазбегнуць панікі сярод насельніцтва. Чыноўнікам неўздагад, што праўду ўтойваць доўга немагчыма, яна ўсё адно прасочыцца і, шматкроць памножаная людскай гаворкай, пасее яшчэ большую паніку.

Крыніца канстатуе рэзкі рост захворвання пнеўманіяй у Беларусі і Менску. Ён сцвярджае, што ў наш час смяротнасць ад гэтага захворвання значна перавышае звычайныя паказчыкі для такой пары года. У рэанімацыях — велізарная колькасць хворых з пнеўманіяй. Ці ўсё яны абследуюцца на вірус A(H1N1), ён сказаць не можа.

Лекар на гэты конт кажа: «Чыноўнікі баяцца панікі. Ведаеце гісторыю пра карову, якая патанула ў сажалцы, дзе сярэдняя глыбіня 50 сантыметраў? Танула яна, зразумела, там, дзе вада была больш за два метры. Маніпуляваць лічбамі можна колькі заўгодна».

Паколькі данясенне, копіяй якога валодае рэдакцыя, накіравана 28 кастрычніка ў ліку іншых і галоўнаму дзяржаўнаму санітарнаму лекару Беларусі Валянціне Качан, доктар лічыць, што яна валодае інфармацыяй.

Тым часам Валянціна Качан у ток-шоў «Выбар» тэлеканала АНТ 2 лістапада паабяцала не хаваць інфармацыю ў выпадку смерці каго-небудзь ад «пэўнага грыпу». «Я проста хачу запэўніць, што, калі мы будзем перакананы на 100%, што ў нас канкрэтны чалавек памёр ад менавіта гэтага грыпу, я ведаю, што мы ў абавязковым парадку адразу гэта зафіксуем і прадставім сродкам масавай інфармацыі», — заявіла Качан.

Інфарматар б'е трывогу: у Беларусі дагэтуль не ўведзены супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы, а ўлады хаваюць праўдзівае становішча рэчаў. На яго думку, недастаткова проста падоўжыць вакацыі ў школах, неабходна спыніць заняткі ў вну, сярэдне-спецыяльных установах, прафтэхвучэльнях.

«Грып вельмі таксічны, хутка распаўсюджваецца, а лячыць яго ў нашай краіне практычна няма чым», — кажа доктар. Паводле яго інфармацыі, у Беларусі бракуе медыкаментаў для лячэння сезоннага і свінога грыпу, засцерагальных масак. Назіраецца востры дэфіцыт дзейснага сродку «Таміфлю» — нягледзячы на дарагі кошт (каля 120 тысяч рублёў за ўпакоўку), яго ўжо раскупілі.

Паводзіны ўлад па ўтойванні праўдзівай сітуацыі з'яўляецца недальнабачным, лічыць доктар. У наш час сітуацыя такая, што неабходна не рапартаваць, што яна пад кантролем, а прымаць экстраныя меры.

Ён прыводзіць у прыклад паводзіны ўрада Украіны: «Краіна звярнулася за дапамогай і атрымала дапамогу. Прэпарат «Таміфлю», які закуплены ўкраінскім урадам, ужо дастаўлены ў аб'ёме 600 тысяч доз. Па медыцынскіх нормах, гэтага досыць для таго, каб забяспечыць усе рэгіёны Украіны і зрабіць падвойны запас».

Беларусь жа, падкрэсліў доктар, становіцца палігонам для выпрабавання віруса ў натуральных умовах, калі прафілактыка недастатковая, а лячэння практычна няма: «Абавязак сістэмы аховы здароўя складаецца ў тым, каб прэвентыўна закупіць неабходныя медыкаменты, спрагназаваць сітуацыю падвышанага попыту. Неабходна была закупіць прынамсі дастатковую колькасць засцерагальных павязак. Але сталася, што наша сістэма нямоглая перад эпідэміяй. Пры гэтым транслюецца ідэя пра тое, што вірус масава прысутнічае ва Украіне, у Расеі, але не ў нас».

Доктар падкрэсліў: беларускім медыкам проста забаронена даваць інфармацыю грамадскасці (гэтым і тлумачыцца яго ананімнасць). І пацвярджае гэта прыкладамі са сваёй практыкі: «Нам паўтараюць пра тое, што нельга сеяць паніку, што значыць у разуменні чыноўнікаў даваць праўдзівую інфармацыю. Нам вельмі строга забаранілі кантактаваць з прэсай… У Беларусі імкненне да зніжэння ўзроўня захворвання даходзіць да абсурду і фальсіфікацый. Пытанні аховы здароўя становяцца пытаннямі палітычнымі. Нам выварочваюць рукі, каб мы ставілі паліткарэктныя дыягназы. Грып — яшчэ адзін доказ у гэтым шэрагу».

Апошнія навіны