BE RU EN

Кіраўнік МЗС Латвіі адмовіўся запрашаць беларускага дыктатара ў Рыгу

  • 3.11.2009, 17:10

3 лістапада Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Марысам Рыекстыньшам і абмеркаваў пытанні супрацоўніцтва Беларусі і Латвіі.

Беларускі кіраўнік падзякаваў Латвіі за «падтрымку Беларусі ў дыялогу з ЕЗ».

«Латвійскі бок заняў вельмі разумную, прагматычную пазіцыю, — адзначыў беларускі кіраўнік. — Вы зыходзілі з чалавечых пазіцый, чалавечых інтарэсаў. І гэта пры тым, што Беларусь не прасіла нейкай адмысловай падтрымкі, нейкіх прэферэнцый. Вы зыходзілі з чалавечых меркаванняў, а не з нейкай кан'юнктуры, выгадвання, дзе лепш, дзе горш».

«Праўда, міністр замежных спраў Латвіі мог бы і раней пабываць з візітам у Беларусі», — заявіў беларускі кіраўнік.

Пры гэтым Лукашэнка адзначыў, што Беларусь і Латвія павінны аднавіць ранейшы аб'ём транзіту тавараў.

У сваю чаргу Марыс Рыекстыньш адзначыў, што Латвія выступае за палягчэнне візавага рэжыму з Беларуссю.

«У лістападзе будзе сустрэча кіраўнікоў МЗС ЕЗ. Там мы правядзём ацэнку па сітуацыі ў Беларусі. Я не ведаю, якім будзе рашэнне па пытанні адмены візавых санкцый у адносінах беларускіх чыноўнікаў, і не хачу на гэту тэму спекуляваць. У адносінах з Беларуссю мы зыходзім з неабходнасці развіцця нашых адносін. І ў цэлым Латвія выступае за спрашчэнне візавага рэжыму з Беларуссю», - сказаў Рыекстыньш.

Як перадае «Радыё Свабода», на сустрэчы з журналістамі Рыекстыньш адзначыў, што сёння ўвечары ў яго запланавана сустрэча з прэм'ер-міністрам Беларусі Сяргеем Сідорскім, падчас якой ён перадасць кіраўніку ўрада афіцыйнае запрашэнне наведаць Латвію.

Апошнія навіны