Утоенае беспрацоўе расце: без працы ўжо амаль 10% занятых у эканоміцы
- 30.11.2009, 14:43
Паводле афіцыйных дадзеных, за 10 месяцаў колькасць працуючых у рэжыме няпоўнай занятасці склала 327,3 тысяч чалавек.
Гэта складае 9,2% да спіскавай колькасці занятых у беларускай эканоміцы.
У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года гэты паказчык вырас у 4,6 разы. У студзені-кастрычніку ў рэжыме няпоўнай занятасці працавала каля 2% супрацоўнікаў ад агульнай іх колькасці, паведамляе «Ежедневник».
Няпоўны працоўны графік паводле дадзеных за гэты перыяд мелі 181,9 тыс. чалавек, што ў 5 раз больш за аналагічны перыяд мінулага года. Колькасць супрацоўнікаў, якім былі прадстаўленыя вымушаныя адпачынкі (з захаваннем зарплаты і без яе) вырасла ў бягучым годзе ў 4,2 разы і склала 145,4 тыс. чалавек.
Паводле дадзеных Белстата, найбольшы адсотак утоенага беспрацоўя ў прамысловасці. 272,9 тыс. чалавек або 83,4% ад усіх працоўных, якія сядзяць на няпоўным працоўным тыдні або дома, прыходзіцца на найбуйнейшыя прамысловыя прадпрыемствы краіны – БелАЗ, Менскі падшыпнікавы завод, Берасцейскі электрамеханічны завод і іншыя.
Па рэгіёнах найбольш складаная сітуацыя ў Менску, дзе ў рэжыме няпоўнай занятасці па выніках студзеня-кастрычніка знаходзілася 78,5 тыс. чалавек, і на Берасцейшчыне – 53,1 тыс. чалавек.
Як раней паведамляў сайт charter97.org, такая сітуацыя сёння склался на шмат якіх беларускіх прадпрыемствах.
«Гэтыя праблемы тычацца ўсіх машынабудаўнічых прадпрыемстваў, -- заявіў лідэр Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук. -- Напрыклад, Трактарнага завода, і тых прадпрыемстваў, якія працуюць над яго абслугоўваннем. А таксама станкабудаўнічай прамысловасці».
Паводле Ярашука, найбліжэйшым часам колькасць людзей, працуючых няпоўны працоўны тыдзнеь, не зменшыцца. Акрамя гэтага, у лічбу 300 тысяч чалавек лідэр незалежных прафсаюзаў не верыць.
Ярашук заяўляе, што ў рэжыме няпоўнай занятасці працуюць нашмат больш жыхароў Беларусі і іх колькасць, на яго думку, будзе расці.