Алесь Бяляцкі: «Менскія лякарні нагадваюць ваенныя шпіталі»
- 4.11.2009, 9:35
Праваабаронца знаходзіцца ў аддзяленні пульманалогіі 3-га шпіталя Менска з дыягназам «двухбаковая пнеўманія».
«Я знаходжуся ў шпіталі ўжо трэці тыдзень, -- распавядае Алесь Бяляцкі «Радыё Свабода». -- У нас тут відавочнае перапаўненне, перанасяленне. Таму што зачынілі аддзяленне гастраэнтэралогіі, і ўсіх, хто ляжыць з запаленнем лёгкіх, засялілі фактычна ў яшчэ адно дадатковае аддзяленне. Гэта адбылося з прычыны таго, што месцаў не хапае. На калідоры ў нашым аддзяленні пульманалогіі сёння ляжыць 17 чалавек проста на ложках, на прыстаўных крэслах, таму што няма дзе размяшчаць людзей. Усё гэта нагадвае ваенны шпіталь. Вядома, умовы ўтрымання людзей не адпавядаюць ніякім стандартам.
Лекаў хапае, нічога не скажаш. Якой яны вытворчасці, складана сказаць, таму што антыбіётыкі медыкі змешваюць, разводзяць у сябе. Курс антыбіётыкаў змяняюць так, як, напэўна, і трэба: то адзін, то другі, то трэці…»
Нагадаем, што свіны грып сёння лютуе ва ўсім свеце і ва ўсіх без выключэння суседніх з Беларуссю краінах. І толькі беларускія чыноўнікі запэўніваюць, што «у нас ад свінога грыпу не паміраюць». Тым часам, у Беларусі неафіцыйна распаўсюджваецца інфармацыя пра усё новыя і новыя смерці ад грыпу, і ўскладненні, якія ён дае. Прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя, катэгарычна адмаўляюцца пацвярджаць ці абвяргаць гэтую інфармацыю.