Мінінфармацыі адмаўляецца рэгістраваць незалежныя выданні
- 6.11.2009, 12:37
Міністэрства інфармацыі вярнула заснавальніку недзяржаўнай грамадска-палітычнай газеты «Мар'інагорская» дакументы для дзяржаўнай рэгістрацыі выдання.
У афіцыйным адказе ад 2 лістапада Мінінфармацыі, апелюючы да арт. 12 (падпункт 1.5 п.1) закона «Аб сродках масавай інфармацыі», спаслалася на адсутнасць юрыдычнага адрасу ў рэдакцыі выдання, паведамляе прэс-служба БАЖ.
Па словах Вольгі Кульчанкі – заснавальніцы і дырэктаркі прыватнага выдавецкага прадпрыемства «Тэлеграф-Інфа» (юрыдычнай асобы, якое выступае рэдакцыяй газеты), – гэтая інфармацыя не адпавядае сапраўднасці.
У кастрычніку ў рэдакцыі «Мар'інагорскай» нечакана ўзніклі праблемы з офісным памяшканнем. 14 кастрычніка арэндадаўца – мясцовы індывідуальны прадпрымальнік – паведаміў, што Пухавіцкі райвыканкам прымусіў яго скасаваць дамову з прычыны «неплацежаздольнасці» арандатараў. Гэтае паведамленне арэндадаўца адправіў рэдакцыі, райвыканкаму і Міністэрству інфармацыі.
Але, па словах Кульчанкі, скасаванне не мела законных падставаў і супярэчыла ўмовам дамовы арэнды. Таму пытанне было вырашанае ў той жа дзень, і газета захавала за сабой юрыдычны адрас, таксама своечасова паведаміўшы пра гэта ў Мінінфармацыі.
30 кастрычніка кіраўнік сектара рэгістрацыі СМІ і кантролю за выкананнем заканадаўства Мінінфармацыі Віктар Гурэцкі патэлефанаваў Вользе Кульчанцы і яе арэндадаўцу і перапытаў, ці ёсць у рэдакцыі юрыдычны адрас. Абодва пацвердзілі, што дамова на арэнду памяшкання з рэдакцыяй «Мар'інагорскай» газеты засталася ў сіле.
Заснавальнік будзе дамагацца паўторнага разгляду дакументаў міністэрствам.