Ад пнеўманіі пачалі паміраць дактары
- 9.11.2009, 13:54
У Гомелі ад пнеўманіі памерла супрацоўніца навукова-практычнага цэнтра радыяцыйнай медыцыны.
Гэты факт БелаПАН пацвердзіў начальнік упраўлення аховы здароўя Гомельскага аблвыканкама Мікалай Васількоў.
Паводле яго словаў, супрацоўніца паступіла ў бальніцу хуткай дапамогі з цяжкай дыхальнай недастатковасцю. «У пятніцу атрымалі пацвярджэнне ад паталагаанатамаў, што жанчына памерла ад цяжкай татальнай пнеўманіі», — паведаміў начальнік упраўлення.
Як стала вядома БелаПАН, памерлай было каля 30 год, нядаўна выйшла з дэкрэтнага адпачынку. Жанчына працавала ў аддзяленні УЗІ-дыягностыкі цэнтра.
Мікалай Васількоў дадаў, што ў рэгіёне ёсць і іншыя выпадкі смерці ад пнеўманіі, але яны пакуль знаходзяцца на пацвярджэнні ў паталагаанатамічных цэнтрах.
Паводле дадзеных упраўлення аховы здароўя, у Гомельскай вобласці не зафіксавана смярцей ад грыпу A (H1N1).
Нагадаем, што намміністра аховы здароўя Беларусі ў нядзелю заявіла пра выяўленне 102 выпадкаў захворвання на вірус грыпу A (H1N1). «У асобных рэгіёнах сітуацыя застаецца пакуль напружанай. На фоне ўсіх вірусаў, якія лабараторна пацверджаныя ў тых, хто захварэў, у 102 выпадках – гэта 0,3%, назіраецца вылучэнне віруса грыпу А/Н1N1», - заявіла Валянціна Качан у нядзелю ў эфіры Першага канала беларускага тэлебачання.
У той жа час кіраўнік камітэта па ахове здароўя Менгарвыканкама Дзмітрый Піневіч заявіў днямі падчас оnline канферэнцыі на сайце Белтэлерадыёкампаніі, што павялічваецца колькасць памерлых ад пнеўманіі.
Цяжка назваць дакладную колькасць памерлых ад пнеўманіі і ад вірусу А/Н1N1, бо аналізы на свіны грып у краіне робяць далёка не ўсе захварэлыя. У той жа час трэба адзначыць, што ў перыяд эпідэміі многія дактары і мядсёстры, вымушаныя кожны дзень мець справу з хворымі, не былі прышчэплены нават ад звычайнага сезоннага грыпу. Вакцыны ад свінога грыпу ў Беларусі, як вядома, дагэтуль няма.