Гары Паганяйла: «Лукашэнка хлусіць пра неабходнасць рэферэндуму аб адмене смяротнага пакарання»
- 1.12.2009, 11:17
Праваабаронцы ўпэўненыя, што беларускі кіраўнік паспрабуе ўсімі спосабамі захаваць у Беларусі смяротнае пакаранне.
Інфармацыйная кампанія, якая зрабіла б пытанне аб магчымай адмене ў Беларусі смяротнага пакарання больш адчувальным для насельніцтва, будзе праводзіцца ў нашай краіне ў хуткім часе. Пра гэта паведаміў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю італьянскай газеце La Stampa. Але вырашальным у пытанні адмены смяротнага пакарання будзе толькі меркаванне народа, якое ён выкажа на рэферэндуме, заявіў Лукашэнка.
Пракаментаваць гэтую заяву беларускага кіраўніка Euramost.org папрасіў вядомага юрыста, праваабаронцу Беларускага Хельсінскага камітэта Гары Паганяйлу.
-- Вы можаце ўжо сёння прадказаць, якія будуць вынікі падобнага рэферэндуму па пытанні адмены смяротнага пакарання?
-- Вядома, можна прадказаць – народ прагаласуе за смяротнае пакаранне. Наогул, падобныя пытанні выносіць на рэферэндум контрпрадуктыўна. Пытанні смяротнага пакарання больш ляжаць у плоскасці палітычнай, а не юрыдычнай. Ці сацыялагічнай. Таму, у сённяшніх умовах рэферэндум прывядзе да выніку, які вядомы і быў прадвызначаны ў 1996 годзе. Ёсць адчувальныя пытанні, пра якія нельга пытацца ў людзей. Людзі заўсёды хочуць жыць у міры, спакоі і абароненасці. І гатовыя разарваць любога, хто замахваецца на гэтыя іх каштоўнасці, а тым больш – на жыццё блізкіх і сяброў. Чалавецтва так ужо ўладкованае і пакуль мы яшчэ ў большай ступені не людзі, а звяры. Трэба правесці агромністую працу, каб пераканаць людзей у іх стаўленні да гэтага пытання. Але ў нашай дзяржаве гэтым ніхто не збіраецца займацца. Таму, рэферэндум – гэта сыход ад тых палітычных абяцанняў, якія былі дадзеныя еўрапейскім краінам адносна прыняцця рашэння аб увядзенні мараторыя на смяротнае пакаранне.
-- Але сыход даволі такі інтэлігентны ў палітычным плане…
-- Зусім не інтэлігентны! Гэта якраз грубы і непрафесійны сыход. Таму што спецыялісты выдатна разумеюць, што падобныя пытанні не вырашаюцца рэферэндумамі. Магу нагадаць, што ў 1996 годзе гэтае пытанне было штучна ўнесенае, каб прымусіць народ сказаць «так». Натуральна, што нароўні з адказам «так» на пытанне аб «лукашэнкаўскай канстытуцыі», народ сказаў «так» і на пытанне пра захаванне смяротнага пакарання. Народ у гэтым пытанні не быў выхаваны наогул. Ды і прапаганда ішла такім чынам, што праціўнікаў смяротнага пакарання нельга было пачуць ні са старонак газетаў, ні з тэлеэкранаў, ні ў радыёэфіры. Гэта была гульня ў адны вароты.
Больш за тое, вынікі таго рэферэндуму па гэтых пытаннях не былі абавязковымі. І ніякіх канстытуцыйных зменаў на заканадаўчым узроўні гэты рэферэндум не ўносіў. Таму, Лукашэнка нахабна хлусіць свайму народу і міжнароднай грамадскасці адносна таго, што ён хоча пачуць «голас народа» таму, што нельга змяніць прававую сітуацыю. На прававую сітуацыю той рэферэндум ніякім чынам не ўплываў.
-- Значыць, калі вынікамі новага рэферэндуму Лукашэнка будзе «тыкаць» у твар Захаду, гэтыя вашы аргументы можна будзе падказаць еўрапейцам?
-- І мы гэта зробім. Падкажам, што гэта проста ідзе гульня. Наш кіраўнік вельмі любіць тлуміць галаву і дурня валяць у палітыцы. Хаця вельмі шмат кажа і выкладае правільныя рэчы. Але кажучы адно, ён у галаве думае іншае, а робіць трэцяе.
-- Як вы лічыце, у «інфармацыйнай кампаніі па пытанні адмены смяротнага пакарання», якую абяцае правесці Лукашэнка, ці будзе месца для тых, хто выступае за яе адмену?
-- Калі б былі роўныя ўмовы для размовы з людзьмі аб адмове ад смяротнага пакарання як для тых, хто за адмову, так і для тых, за яго захаванне, дык разумныя людзі разумныя аргументы ўспрынялі б. Але яшчэ раз кажу – гэта вельмі эмацыйнае пытанне, вельмі тонкае. Яно кладзецца і на гістарычныя традыцыі, і на культурныя традыцыі, і на рэлігійныя традыцыі народа. І непадрыхтаваны народ, натуральна, эмацыйна прагаласуе за захаванне смяротнага пакарання. Тут адной інфармацыйнай кампаніяй не абыйдзешся. Трэба да такога кшталту мерапрыемствамі рыхтаваць народ паволі і вельмі доўга.