Расейцы набылі яшчэ адзін беларускі банк
- 10.12.2009, 13:08
Беларускі кіраўнік сваім указам ад 10 снежня ўхваліў продаж расейскаму Ашчадбанку беларускага БПБ-Банка.
Як сказана ва ўказе, у 2009 годзе Ашчадбанку будуць прададзеныя 835 млн 503 тыс. 963 акцыі (93,3% статутнага фонду) ААТ «БПБ-Банк» па дамоўным кошце $0,336 за 1 акцыю, перадае «Інтэрфакс». Банк прададзены за 280,73 мільёна даляраў.
У адпаведнасці з дакументам, Аляксандр Лукашэнка ўхваліў таксама інвестыцыйнае пагадненне паміж Беларуссю і Ашчадбанкам РФ і лісты аб прыняцці абавязальніцтваў беларускім бокам.
Грошы ад продажу акцыяў БПБ-Банка будуць залічаныя ў рэспубліканскі бюджэтны фонд нацыянальнага развіцця.
Як паведамлялася, бакі вялі перамовы аб умовах пагаднення на працягу 2009 года.
Першапачаткова Ашчадбанк, засноўваючыся на ацэнцы БПБ-Банка, зробленай Deutsche Bank, разлічваў набыць яго за $150 млн. Улады Беларусі, кіруючыся ацэнкай мясцовага дзяржінстытута, прапаноўвалі Ашчадбанку набыць БПБ-Банк за $450 млн.
Пасля гэтага брытанскі інвестбанк NM Rothschild & Sons падаў ураду Беларусі трохварыянтную ацэнку рынкавага кошту БПБ-Банка для пагаднення з Ашчадбанкам РФ. Ацэнка была пададзеная ў аптымістычным, базавым і песімістычным варыянтах, што адпавядае калідору кошту прыкладна ад $500 млн да $150 млн.
ААТ «БПБ-Банк» створаны ў снежні 1991 года. У цяперашні час банк займае 4-е месца з 32 беларускіх банкаў па памеры валавых актываў. Доля дзяржавы ў асобе Дзяржаўнага камітэта па маёмасці ў статутным фондзе банка складае 93,3%, дзярждоля з улікам прадпрыемстваў і арганізацыяў дзяржаўнай формы ўласнасці - 95,9%. Усяго акцыянерамі банка з'яўляюцца 18102 юрыдычных і фізічных асобаў.
У адпаведнасці са справаздачнасцю па МСФС, за 9 месяцаў 2009 года актывы банка спачатку года выраслі на 10,2% да Br4673,4 млрд.
Капітал банка ў параўнанні з пачаткам 2009 года павялічыўся на 12,2% і склаў Br625,2 млрд, паказчык дастатковасці капіталу (CAD) склаў 16,1%. Рэнтабельнасць капіталу (ROАE) склала 17,5%. Рэнтабельнасць актываў (ROAA) склала 2,3%. Адносіны актываў, якія прыносяць даход, да сукупных актываў склалі 87,5%.
Адносіны аперацыйных выдаткаў да аперацыйных даходаў да стварэння рэзерваў (cost-to-income ratio) склалі 50,4%.
Статутны фонд банка на 1 кастрычніка сфармаваны ў памеры Br416,5 млрд.