BE RU EN

Нават Мілінкевіч лічыць, што ў Беларусі няма ніякай лібералізацыі

  • 10.12.2009, 13:40

Лідэр руху «За Cвабоду» Аляксандр Мілінкевіч 10 снежня выступіў на кангрэсе Еўрапейскай народнай партыі ў Боне.

Падаем тэкст выступу палітыка, апублікаваны на сайце milinkevich.org.

Шаноўныя сябры!

Я вельмі рады быць, разам з маімі беларускімі калегамі, сярод вас тут, у Боне, на кангрэсе найвялікшай еўрапейскай палітычнай сям’і.

Найперш я хацеў бы выказаць мае словы віншавання і вялікага задавальнення з прычыны набыцця моцы Лісабонскае дамовы. Я вельмі спадзяюся, што разам са значнымі ўнутранымі рэформамі змены, прадугледжаныя Дамовай, нададуць больш вагі і бачнасці Еўразвязу 27 краінаў на сусветнай сцэне. Мы ўсе разлічваем, што Еўрапейскі Звяз будзе граць больш актыўную і магутную ролю, прамаўляючы адным голасам у нашай частцы Еўропы.

Я скарыстаюся магчымасцю, каб сказаць колькі словаў пра сённяшні стан стасункаў паміж Беларуссю і Еўрапейскім Звязам.

Год таму я шчыра падтрымаў новую стратэгію ЕЗ у дачыненнях з нашай краінай: замену ізаляцыі Беларусі на крытычна абумоўлены дыялог. Для маёй краіны няма пазітыўнай альтэрнатывы палітыцы пакрокавага збліжэння з Еўрапейскім Звязам.

За гэты час аўтарытарны рэжым распачаў некаторыя рэформы ў эканоміцы, але працэсы дэмакратызацыі носяць павярхоўны, касметычны характар. Беларускія ўлады не будуць добраахвотна праводзіць палітычную лібералізацыю, ім падабаецца кітайская мадэль. Любую спробу пошуку кампрамісу, адсутнасць паслядоўнай і цвёрдай пазыцыі яны інтэрпрэтуюць як праяву слабасці і саступку.

З вялікім непакоем мною была ўспрынята навіна аб тым, што тры тыдні таму Еўрапейскі парламент не ўключыў у парадак дня свайго пленарнага паседжання рэзалюцыю аб сітуацыі ў Беларусі. Я таксама вельмі шкадую, што візыт у Мінск італьянскага прэм’ер-міністра адбыўся без узгадвання праблемаў з правамі чалавека і сустрэчаў з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці. Ягоныя дэкларацыі аб тым, што беларускія выбары нібыта паказваюць узровень падтрымкі дыктатару, з’яўляюцца, на нашую думку, вялікай палітычнай памылкай.

Адсутнасць публічнай ацэнкі сітуацыі ў нашай краіне нясе рызыку змяншэння даверу з боку дэмакратычнай супольнасці Беларусі да еўрапейскіх партнёраў у прасоўванні еўрапейскіх каштоўнасцяў у Беларусі. Я вельмі ўсцешаны, што Еўрапейская народная партыя прыме сваю рэзалюцыю па сітуацыі ў Беларусі.

Лёс дэмакратыі ў Беларусі сёння залежыць ад скаардынаванай дзейнасці беларускай грамадзянскай супольнасці і аб’яднанай Еўропы. Вельмі важна, каб аб’яднаная Еўропа па-ранейшаму няўхільна адстойвала маральныя прынцыпы пры рэалізацыі палітыкі дыялогу з нашай краінай. Вельмі важна вызначыць дакладныя арыенціры і крытэры развіцця адносінаў Еўразвязу і Беларусі.

Еўрапейская эканамічная падтрымка павінна быць абумоўленая правядзеннем рэальных палітычных зменаў, а не іх імітаваннем, як у выпадку нядаўніх стэрыльных паправак у выбарчы кодэкс.

За апошні час рэпрэсіўная сістэма, якая па-ранейшаму захоўваецца ў Беларусі, была выкарыстаная, каб павялічыць ціск на дэмакратычных актывістаў: адміністрацыйныя арышты на некалькі дзён, цкаванні заснавальнікаў Хрысціянскай дэмакратыі, выключэнне паспяховай студэнткі з дзяржаўнага універсітэту па чыста палітычных матывах з прычыны ейнага ўдзелу ў Форуме грамадзянскай супольнасці ў Бруселі, палітычныя выкраданні моладзевых лідэраў.

Я перакананы, што наша супрацоўніцтва ў імя дэмакратычнай і еўрапейскай будучыні маёй краіны прынясе важныя вынікі і дазволіць беларусам далучыцца да агульнаеўрапейскай сям’і.

Апошнія навіны