Адмоўнае знешнегандлёвае сальда таварамі і паслугамі - 4 мільярды 308 мільёнаў даляраў
- 10.12.2009, 15:04
У Беларусі ў кастрычніку 2009 года адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі павялічылася на 531.7 мільёнаў даляраў.
У мінулым месяцы рост адмоўнага сальда складаў $212.7 млн. Такім чынам, усяго за месяц адмоўнае знешнегандлёвае сальда павялічылася ў 2,5 разы, паведамляе АФН.
Памер адмоўнага сальда зноў вярнуўся на ўзровень першага паўгоддзя, пасля таго як яго атрымалася зменшыць у трэцім квартале: цягам ліпеня-верасня яно было ў межах $200-250 млн., у той час як у папярэднія месяцы перавышала $500-600 млн.
У прыватнасці, у гандлі таварамі ў кастрычніку сальда склалася адмоўным у памеры $663.8 млн. (супраць $333.9 млн. у верасні), паслугамі – станоўчым у памеры $132.1 млн. (супраць $121.2 у верасні).
Экспарт тавараў і паслуг у кастрычніку зменшыўся на 1,3% у параўнанні з вераснем і склаў $2256.1 млн., імпарт вырас на 11,5% і склаў $2787.8 млн.
У цэлым па выніках 10 месяцаў адмоўнае замежнагандлёвае сальда склала $4308.6 млн., што на 37,3% больш за аналагічны перыяд мінулага года.
Сальда гандлю таварамі склалася адмоўным у памеры $5488.8 млн. (рост на 22,2% у параўнанні з аналагічным перыядам 2008 года), паслугамі – станоўчым у $1180.2 млн. (зніжэнне на 12,8%).
Знешнегандлёвы абарот тавараў і паслуг зменшыўся за 10 месяцаў на 36,1% у параўнанні з аналагічным перыядам 2008 года і склаў $43936.6 млн. Экспарт знізіўся на 39,6% да $19814.0 млн., імпарт - на 32,9% да $24122.6 млн.