BE RU EN

Васілевіч зладзіць «турэмныя» туры для чыноўнікаў

  • 11.12.2009, 14:27

Генеральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч прапанаваў у прафілактычных мэтах ладзіць для чыноўнікаў экскурсіі ў месцы пазбаўлення волі.

«Экскурсіі па месцах пазбаўлення волі, арганізаваныя для кіраўнікоў ведамстваў, найбольш схільных да карупцыйных рызык, могуць дапамагчы ў барацьбе з гэтым відам правапарушэнняў», - сказаў генпракурор на канферэнцыі па актуальных пытаннях барацьбы з карупцыйнымі злачынствамі ў пятніцу ў Менску.

Як перадае РИА «Новости», на думку Васілевіча, гэта дапаможа чыноўнікам не паддавацца спакусе здзяйсняць карупцыйныя злачынствы.

Таксама, на яго думку, у Беларусі неабходна не толькі ўзмацняць нагляд, але і рабіць барацьбу з карупцыяй больш эфектыўнай. Ён прапанаваў распрацоўваць не толькі рэспубліканскія, але і галіновыя і рэгіянальныя праграмы па барацьбе з карупцыяй. «У папярэджанні гэтага віду правапарушэнняў павінны ўдзельнічаць і мясцовыя органы ўлады. Варта выключыць бюракратычны падыход і дзейнічаць рэальна. Не лішнім будзе і распрацоўка лакальных антыкарупцыйных праграм на стратэгічна важных прадпрыемствах, можна ствараць і адпаведныя службы бяспекі», - сказаў Васілевіч.

На яго думку, барацьбе з карупцыяй у Беларусі не хапае галоснасці. «Можна ўвесці такую практыку, калі вінаватыя асобы не толькі змогуць кампенсаваць прычыненую шкоду для атрымання ўмоўна-датэрміновага вызвалення, але і ў абавязковым парадку публічна каяцца. Такім чынам можна псіхалагічна ўздзейнічаць на патэнцыйных карупцыянераў», - сказаў беларускі генпракурор.

Паводле дадзеных Васілевіча, у Беларусі за 11 месяцаў гэтага года да крымінальнай адказнасці за здзяйсненне карупцыйных злачынстваў прыцягнута больш за 2,6 тысячы чалавек. Да сфер, найбольш схільных да карупцыйных рызык, ён аднёс гандаль, сельскую гаспадарку, будаўніцтва, прамысловасць і сістэму дзяржкіравання.

Апошнія навіны