У Тайландзе затрыманы самалёт cа зброяй пад камандаваннем беларуса (Абноўлена, відэа)
- 14.12.2009, 8:41
Іл-76 быў затрыманы ўладамі Тайланда пасля дагляду - выявілася, што ён перавозіў больш за 35 тон зброі, у тым ліку, рэактыўныя гранаты, ракеты зямля-паветра і 12 кантэйнераў з боепрыпасамі.
Улады Тайланда паведамілі пра затрыманне самалёта з экіпажам, што складаецца з чатырох грамадзянаў Казахстана і аднаго грамадзяніна Беларусі, у нядзелю раніцай. Іх падазраюць у намеры даставіць зброю з Паўночнай Карэі ў паўднёвую Азію.
Крымінальны суд Бангкока ў панядзелак, 14 снежня, падоўжыў тэрмін утрымання пад вартай экіпажа самалёта Іл-76 на 12 дзён, паведамляе Associated Press. Экіпаж - камандзір карабля грамадзянін Беларусі, Міхаіл Петухоў і грамадзяне Казахстана Аляксандр Зрыбнёў, Віктар Абдулаеў, Віталь Шумкоў і Ільяс Ісакаў - будзе утрымлівацца ў цэнтральнай турме тайскай сталіцы Клонг Прэм.
Экіпажу самалёта прад'яўленыя абвінавачванні ў незаконным захоўванні зброі, паведамленні ілжывай інфармацыі аб характары грузу і спробе яго нелегальна правезці праз Тайланд.
Намеснік прэм'ер-міністра Тайланда Сутэп Таўнгсубан заявіў, што чальцы экіпажа запыталі дазвол на дазапраўку ў аэрапорце Бангкока, пасля чаго мясцовыя інспектары знайшлі на борце стралковую зброю, выбухоўку, гранатамёты і нават ракеты. Паводле звестак журналістаў, агульная вага зброі склала каля 40 тон.
Як сцвярджае намеснік тайландскага прэм'ера, чальцы экіпажа спрабавалі дэзінфармаваць ўлады Тайланда. «Яны заявілі, што на борце знаходзіцца абсталяванне для бурэння нафтавых свідравінаў, але калі мы правялі праверку, высветлілася, што там адна зброя», - перадае словы віцэ-прэм'ера агенцтва «Франс прэс».
У нядзелю прэм'ер-міністр Тайланда Абхісіт Ветчачыва заявіў, што пяці затрыманым будуць прад'яўленыя афіцыйныя абвінавачванні. «Мы будзем строга прытрымлівацца нашых законаў і рэзалюцыяў ААН. Расследаванне працягваецца», - перадае словы прэм'ера агенцтва «Франс прэс».
Паводле яго сцверджэння, экіпаж «здзейсніў два злачынствы». «Па-першае, яны далі ілжывую інфармацыю пра свой груз, а па-другое, аказалася, што гэты груз - зброя».
Улады Тайланда кажуць, што самалёт выляцеў са сталіцы Паўночнай Карэі Пхен'яна, і на яго борце знаходзілася паўночнакарэйская зброя. Зрэшты, пра тое, каму яна прызначалася, пакуль дакладна невядома. «Мы ведаем толькі тое, што яны павінны былі дазаправіцца ў Шры-Ланцы», - сказаў кіраўнік урада Тайланда.
Раней журналісты перадавалі меркаванні тайландскіх афіцыйных асобаў пра тое, што месцам пасадкі павінна была стаць адна з краінаў паўднёвай Азіі, магчыма, Пакістан.
Паводле сцверджання капітана карабля Міхаіла Петухова, самалёт здзяйсняў рэйс з Украіны ў КНДР і назад. Па шляху ў Пхеньян ён зрабіў тры прыпынкі для дазапраўкі - у Азербайджане, ААЭ і Тайландзе. На зваротным шляху, пасля атрымання грузу, самалёт павінен быў спыніцца ў Тайландзе і на Шры-Ланцы.
Чый самалёт?
Як перадае Бі-Бі-Сі, паступае супярэчлівая інфармацыя пра тое, у якой краіне зарэгістраваны затрыманы самалёт. Газета Bangkok Post сцвярджае са спасылкай на прадстаўнікоў уладаў Тайланда, што ён можа мець дачыненне да Грузіі ці Расеі. Выданне пры гэтым называе рэгістрацыйны нумар 4L-AWA, які, паводле інтэрнэт-крыніцаў, могуць насіць грузінскія самалёты.
Як перадае агенцтва Франс-прэс, прэм'ер Тайланда пацвердзіў, што краіна паходжання зброі - Паўночная Карэя, а самалёт зарэгістраваны ў Грузіі. Разам з тым, некаторыя журналісты не выключаюць, што афіцыйныя звесткі аб рэгістрацыі могуць быць фальшывымі.
«Адзін з падазраваных заявіў уладам, што самалёт выляцеў з Расеі ў Паўночную Карэю, дзе была загружаная зброю», - сказана ў публікацыі Bangkok Post.
Між тым, прэс-сакратар казахстанскага міністэрства замежных справаў паведаміў агенцтву РИА «Новости», што афіцыйная Астана правярае распаўсюджаную некаторымі СМІ інфармацыю пра тое, што самалёт зарэгістраваны ў Казахстане.
Агенцтва дадае, што паліцыя Тайланда перадала амбасадзе Расеі пашпартныя звесткі затрыманых. З іх вынікае, што камандзір карабля - грамадзянін Беларусі, а астатнія чальцы экіпажа маюць казахстанскія пашпарты.
«Наводка» з ЗША
«Ні пацвердзіць, ні абвергнуць гэтыя паведамленні мы пакуль не можам, МЗС Казахстана ў курсе гэтай інфармацыі, распаўсюджанай СМІ, - перадае РИА «Новости» словы афіцыйнага прадстаўніка МЗС рэспублікі Ільяса Амарава. - У цяперашні час па дыпламатычных каналах мы высвятляем абставіны інцыдэнту, які адбыўся, а таксама магчымасць прыналежнасці паветранага судна казахстанскім авіякампаніям і грамадзянства чальцоў экіпажа».
Неназваны прадстаўнік тайландскіх ўладаў паведаміў агенцтву «Рэйтэр», што самалёт быў затрыманы пасля «наводкі» ад спецслужбаў ЗША. «ЗША звярнуліся да нас з просьбай дапамагчы ў аглядзе падазронага самалёта», - перадае агенцтва словы сваёй крыніцы.
Тайланд ўжо фігуруе ў іншай гучнай справе, звязанай з абвінавачваннямі ў перавозцы зброі. У сакавіку 2008 года ў гэтай краіне быў арыштаваны расеец Віктар Бут, якога ЗША лічаць адным з галоўных гульцоў на сусветным нелегальным рынку ўзбраенняў.
У жніўні гэтага года пракуратура Тайланда заявіла, што будзе абскарджваць рашэнне суда, які адмовіўся выдаць Бута Злучаным Штатам.