BE RU EN

Кабякоў: «Падвышэнне пошлін на іншамаркі прыцягне інвестараў»

  • 14.12.2009, 13:42

Ніводны інвестар не выйдзе на аўтарынак, дзе дзейнічае нізкі ўзровень тарыфнай абароны і пражывае толькі 10 мільёнаў чалавек, заявіў у эфіры СТВ намеснік прэм'ер-міністра Беларусі.

Паводле віцэ-прэм'ера, Беларусь з 1 студзеня 2010 года атрымае больш высокую тарыфную абарону і рынак, на якім пражывае 150 млн. чалавек, што створыць спрыяльныя ўмовы для фундатараў, гатовых наладзіць вытворчасць легкавых аўтамабіляў. «Беларусь - аўтамабільная краіна. Адзінае, чаго ў нас няма - гэта легкавога аўтамабіля», - сказаў ён.

У той жа час Андрэй Кабякоў прызнае, што ўніфікацыя тарыфных пошлін на ўвоз аўтамабіляў у значнай ступені закране беларусаў. «Беларусь адстойвала магчымасць захавання пошлін, якія дзейнічаюць у краіне, - адзначыў ён. - Аднак іх наяўнасць мае і свае перавагі, паколькі будуць межы, кантрольна-праверачныя мерапрыемствы, будзе магчымасць уплываць на здольнасць нашых тавараў трапляць на агульны рынак Мытнага саюза».

«Беларускі бок не проста пайшоў на кампраміс, - сказаў віцэ-прэм'ер. - Расейскія і казахстанскія партнёры ў сваю чаргу пагадзіліся з мытнымі пошлінамі на грузавыя аўтамабілі, трактарную тэхніку, аўтобусы і іншыя пазіцыі, якія з'яўляюцца прадуктамі беларускага экспарту ў гэтыя краіны. Гэта значыць наўзамен Беларусь атрымала гарантыі захавання працоўных месцаў на сваіх прадпрыемствах».

Кабякоў звярнуў увагу на тое, што ўсе інтэграцыйныя аб'яднанні задумваюцца для таго, каб эканомікі краін развіваліся эфектыўней і хутчэй. «Для Беларусі гэта першым чынам захаванне і павелічэнне рынкаў, - падкрэсліў ён. - Наша эканоміка адкрытая: каб мы ўсе працавалі, патрэбныя ўсе фактары вытворчасці, у тым ліку прыродныя рэсурсы, да сябе прывесці, перапрацаваць, амаль усё прадаць на знешнія рынкі, а пакінуць сабе трошкі на хлеб і пажадана з маслам».

На думку намесніка прэм'ер-міністра, Мытны саюз, рынак у якім будзе дасягаць каля 150 млн. чалавек, - гэта выгода з пункту гледжання перспектыў павелічэння прыбыткаў, падвышэння зарабатнай платы і паляпшэння ўмоў працы і жыцці. Пры гэтым саюз абяцае перарасці ў Адзіную эканамічную прастору - больш высокую прыступку эканамічнай інтэграцыі, за якой можа стаяць толькі валютная інтэграцыя.

Андрэй Кабякоў таксама адзначыў, што для Беларусі змена мытных тарыфаў за выключэннем некалькіх пазіцый прайшла менш балюча і адносна незаўважна. Ужо цяпер Беларусь і Расея ўніфікавалі тарыфы на 95%, у той час як Казахстан і Расея - толькі на 38%. Для Казахстана ўніфікацыя тарыфаў стала няпростай задачай: ім неабходна падняць пошліны па 5100 пазіцыях.

«Агулам мы мяркуем, што мы здолелі дамовіцца ва ўсталяванні мытных тарыфаў. Гэта адпавядае нашым эканамічным інтарэсам і гарантуе, што нашы партнёры пры занясенні прапаноў па змене мытных тарыфаў заўсёды будуць лічыцца з меркаваннем беларускага боку», - сказаў віцэ-прэм'ер.

Кажучы пра магчымыя сутыкненні інтарэсаў у будучыні, Андрэй Кабякоў падкрэсліў, што панацэі тут не бывае, бо спрэчкі ўзнікаюць і ў рамках Еўразвяза. «Інтарэсы партнёраў заўсёды будуць сутыкацца, - дадаў ён. - Але важна, што ў рамках Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы з'яўляецца пляцоўка і патрабаванне рэгуляваць праблемы на падставе адзіных прынцыпаў». Гэта значыць дзейнічаць па прынцыпе «што хачу, то і раблю» цяпер ніхто не зможа.

Апошнія навіны