Беларусы пратэстуюць супраць палітычнага тэрору і выкраданняў (Фота, відэа)
- 16.12.2009, 18:26
Акцыя пратэсту супраць выкраданняў лідэраў апазіцыі і ў знак салідарнасці з палітвязнямі прайшла 16 снежня ў Менску пад лозунгам «Выкрадальнікаў людзей – у Гаагу!»
Нягледзячы на 20-градусны мароз, на Кастрычніцкую плошчу Менска вышлі каля 70 чалавек. Гэта актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», «Маладога фронту», «Моладзі БНФ» і простыя менчукі. З партрэтамі палітвязняў на плошчы сталі вядомыя ў Беларусі людзі: лідэр «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Саннікаў, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, адзін з лідэраў Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, дэпутат Вярхоўнага Савета 13 склікання Валеры Шчукін, моладзевыя лідэры Яўген Афнагель, Павал Юхневіч, Артур Фінькевіч, Алег Ладуцька, Уладзімір Лемеш, Максім Вінярскі, вядомая журналістка Ірына Халіп, кіраўнікі «Свабоднага тэатра» Наталля Каляда і Мікалай Халезін, дэмакратычны актывіст Вячаслаў Сіўчык, лідэр менскіх прадпрымальнікаў Аляксандр Макаеў і іншыя.
Перад пачаткам акцыі моладзевыя актывісты запалілі фаер і пранеслі яго праз плошчу, скандуючы «Жыве Беларусь!» і «Свабоду палітвязням!». Удзельнікі акцыі трымалі партрэты палітычных зняволеных Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Асіпенкі і Арцёма Дубскага, бясследна зніклых у Беларусі лідэраў апазіцыі Віктара Ганчара і Юрыя Захаранкі, бізнэсмэна і грамадскага дзеяча Анатоля Красоўскага і журналіста Дзмітрыя Завадскага, а таксама плакаты «Не палітычнаму тэрору!», «Выкрадальнікаў людзей – у Гаагу!» і нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі.
На плошчы дзяжурыла вялікая колькасць міліцыі і супрацоўнікаў спецслужбаў у цывільным. Некалькі міліцыянтаў у форме безупынна абвяшчалі праз мегафоны, што акцыя «незаконная» і яе ўдзельнікі будуць прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці. Пры гэтым міліцыянты нават абмаўляліся па Фрэйдзе, кажучы замест «вашы дзеянні незаконныя» -- «вашы патрабаванні незаконныя».
А патрабаванні дэманстрантаў гучалі моцна і практычна без перапынку: «Свабоду палітвязням!» і «Не палітычнаму тэрору!».
Беларусы павінны кансалідавацца супраць выкраданняў. Калі ўлады ўбачаць, што нас шмат, яны будуць баяцца здзяйсняць свае злачынствы. Менавіта пастаянныя патрабаванні праводзіць расследаванне выкраданняў 10-гадовай даўніны прывялі да таго, што нас на гэты момант хаця б не забіваюць», -- адзначыў актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі.
Нагадаем, што ў апошні час у Беларусі пачасціліся выпадкі выкраданняў людзей. 5 снежня быў выкрадзены лідэр «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч. Невядомыя трымалі яго ў машыне 5,5 гадзінаў і выкінулі за 70 км ад Менска. 6 снежня быў схоплены актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель. Яго адвезлі за 20 км ад сталіцы. За тыдзень да гэтага невядомыя вывезлі за горад актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Уладзіміра Лемеша, патрабуючы з дапамогай збіцця і пагрозаў спыніць палітычную дзейнасць. Усяго сёлета было выкрадзена 6 моладзевых актывістаў. Апазіцыянеры мяркуюць, што выкраданні былі арганізаваныя спецслужбамі.