У Беларусі не пацяплее, але ўзмоцніцца вецер і пачнецца снег
- 17.12.2009, 9:08
Рэспубліканскі гідраметэацэнтр паведамляе, што ў Беларусі працягвае панаваць халодны антыцыклон.
Удзень 16 снежня ў цэнтральных і ўсходніх раёнах тэмпература паветра склала ад 17 да амаль 20 градусаў марозу.
Халадней за ўсё было ў Горках — 19,6 градуса ніжэй за нуль. У гэтым жа населеным пункце напярэдадні была і самая марозная ноч — мінус 26,4 градуса. Сярод абласных цэнтраў самая нізкая дзённая тэмпература адзначаная ў Магілёве (19 градусаў) і Гомелі (18,5). Самым цёплым месцам у краіне сталася Берасце (мінус 10,3).
У Менску слупок тэрмометра не ўзняўся вышэй за адзнаку 16,6 градуса марозу, аднак рэкорд холаду для гэтага дня выстаяў. Самым халодным застаецца 16 снежня 1997 года (мінус 17 градусаў). Напярэдадні ўдзень у сталіцы было не вышэй за 15,8 градуса марозу, і гэта стала рэкордам для 15 снежня (ранейшы — мінус 14,1 у 1955 годзе).
У найбліжэйшыя тры дні тэмпературны фон істотна не зменіцца. У сувязі з набліжэннем атмасфернага фронту ўзмоцніцца вецер і пачнецца снег.