Навумаў з'яжджае з Беларусі
- 18.12.2009, 11:47
Экс-кіраўнік МУС заявіў пра сыход з пасады старшыні Федэрацыі хакея Беларусі на паседжанні выканкама федэрацыі.
«У мяне было дастаткова часу, каб працаўладкавацца, але я працаўладкаваўся па-за межамі Беларусі, не змагу надаваць хакею столькі часу, як хацелася б, і таму прашу прызначыць на 21 студзеня пазачарговую справаздачна-выбарчую канферэнцыю», - заявіў Уладзімір Навумаў.
У інтэрв'ю «Салідарнасці» Навумаў заявіў, што з'яжджае ў Маскву.
— Што паўплывала на вашае рашэнне сысці з пасады старшыні Федэрацыі хакея Рэспублікі Беларусь?
— Я буду працаваць у Маскве, таму не змагу надаваць паўнавартаснай увагі дзейнасці федэрацыі. Маё новае месца працы — бізнэс-праект, не звязаны са спортам. Рашэнне пакінуць пасаду кіраўніка Федэрацыі хакея Рэспублікі Беларусь не спантанае, яно цалкам саспела.
— Можна канкрэтней.
— Не, гэта — камерцыйная таямніца. Адзінае, да працы прыступлю ў сярэдзіне студзеня.
Нагадаем, што гэта ўжо другая адстаўка для Уладзіміра Навумава за год. 6 красавіка Аляксандр Лукашэнка прыняў адстаўку Уладзіміра Навумава з пасады міністра ўнутраных справаў. Афіцыйная прычына -- па стане здароўя.
Уладзімір Навумаў - адзін са «старажылаў» беларускай уладнай сістэмы. Міністрам унутраных справаў ён быў з верасня 2000 года. Да гэтага з'яўляўся камандзірам спецыяльнага падраздзялення па барацьбе з тэрарызмам «Алмаз», начальнікам Службы бяспекі прэзідэнта Беларусі.
Як паведамляў сайт, ужо некалькі гадоў Уладзімір Навумаў унесены ў спіс асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЕЗ і ЗША і чые фінансавыя актывы замарожаныя. Нароўні з былымі сакратаром Савета Бяспекі Віктарам Шэйманам, камандзірам спецназа ўнутраных войскаў Дзмітрыем Паўлічэнкам і былым міністрам унутраных справаў Юрыем Сіваковым ён падазраецца міжнароднай супольнасцю ў датычнасці да выкраданняў і забойстваў лідэраў апазіцыі Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага і журналіста Дзмітрыя Завадскага.
З'яўляючыся міністрам ўнутраных справаў Уладзімір Навумаў праславіўся тым, што часта асабіста прысутнічаў на акцыях пратэсту апазіцыі і камандаваў разгонам і збіццём удзельнікаў мірных дэманстрацыяў.