BE RU EN

Багданкевіч: «Сукупны доўг краіны наблізіўся да 20 мільярдаў даляраў»

  • 2.12.2009, 12:36

Усе крэдыты ўлады выдаткоўваюць на аплату дэфіцыту гандлёвага балансу, заяўляе былы кіраўнік Нацбанка.

Паводле афіцыйных дадзеных, беларуская дзяржава запазычылася ўжо больш за 6 мільярдаў даляраў. Але ў гэтую лічбу не ўваходзяць даўгі банкаўскай сістэмы краіны. Калі ўлічваць і іх, дык сукупны доўг наблізіўся да 20 мільярдаў даляраў.

Такія дадзеныя ў інтэрв'ю «Радыё Свабода» прывёў прафесар, былы старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Станіслаў Багданкевіч.

Эксперт адзначыў, што хаця большасць запазычанасцяў доўгатэрміновыя, але аддаваць грошы прыйдзецца ў любым выпадку. Па словах прафесара, пачынаючы з 2011 года з бюджэту краіны прыйдзецца вылучаць мільярд даляраў на абслугоўванне даўгоў. І з кожным годам гэтая лічба будзе расці.

На пытанне «куды выдаткоўваюцца крэдыты, якія атрымлівае Беларусь?» былы старшыня праўлення Нацбанка Станіслаў Багданкевіч адказаў таксама пытаннем: «А ці бачылі вы апошнія дадзеныя па сальда знешняга гандлю Беларусі?»

Прафесар нагадаў, што яно адмоўнае і дасягнула ўжо 5,7 мільярдаў даляраў і дадаў: «Вось туды яны і ідуць, на аплату дэфіцыту гандлёвага балансу».

Апошнія навіны