Пяткевіч: «Ідэалогія – гэта наша жыццё»
- 2.12.2009, 16:01
Першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі заклікала ўсіх ідэолагаў Беларусі працаваць з працоўнымі калектывамі, як са сваімі сваякамі.
На сустрэчы з журналістамі на семінары ідэалагічных супрацоўнікоў Магілёўскай вобласці Наталля Пяткевіч заявіла, што асноўнымі прынцыпамі ў ідэалагічнай працы павінны быць адкрытасць і сумленнасць.
«Нам вельмі важна працаваць наўпрост з людзьмі, і асноўнымі прынцыпамі павінны быць адкрытасць, сумленнасць, мы павінны ісці ў працоўныя калектывы з праўдай. Мы павінны ісці да людзей з чыстым сэрцам, таму што людзі заўсёды бачаць фальш. Мы проста павінны мець стасункі з людзьмі так, як маем стасункі са сваімі блізкімі, або як бы хацелі, каб мелі зносіны з намі. Вось тады наша праца будзе натуральнай і эфектыўнай», - перадае БелТА словы Пяткевіч.
Паводле яе словаў, ідэалагічная сфера - гэта тое, што ўдасканальваць трэба ўвесь час, бо змяняецца жыццё, змяняюцца формы і метады ідэалагічнай працы. «Ідэалогія - гэта наша жыццё, сістэма каштоўнасцяў, і вельмі важна, каб ідэолагі не стваралі нічога штучнага, а знаходзілі такія шляхі ў душы людзей, якія былі б цалкам натуральнымі і галоўнае - нефармальнымі», - заявіла Наталля Пяткевіч.