BE RU EN

Затрыманы ў Тайландзе самалёт вёз зброю ў Іран

  • 21.12.2009, 9:54

Зброя з КНДР, знойдзеная на борце самалёта Іл-76, у экіпажы якога быў беларус, прызначалася для Ірана.

Пра гэта піша ў панядзелак амерыканская газета «Уол-стрыт джорнэл».

Паводле звестак газеты, эксперты з ЗША і Бельгіі, якія спецыялізуюцца на расследаванні выпадкаў незаконнага гандлю зброяй, атрымалі доступ да плану палёту самалёта. Дакумент паказвае на тое, што «пасля Бангкока самалёт павінен быў спыніцца для дазапраўкі на тэрыторыі Шры-Ланкі, ААЭ і Украіны, а потым - выгрузіць груз у Тэгеране. Прадстаўнікі Ірана не адрэагавалі на просьбу пракаментаваць гэтую інфармацыю», перадае «Інтэрфакс».

«План палёту паказвае, што па шляху ў Пхен'ян самалёт здзейсніў пасадку на базе ВПС у Азербайджане. Прычына гэтага прыпынку невядомая», - піша газета.

Гэтыя звесткі былі атрыманыя аналітыкамі з арганізацыі «Трансармс», якая базуецца ў Чыкага, а таксама з бельгійскай «Міжнароднай інфармацыйнай службы праблемаў міру».

«Улады Тайланда сцвярджаюць, што атрымалі мала інфармацыі ад экіпажа самалёта (грамадзянаў Казахстана і Беларусі). Чальцы экіпажа кажуць, што ім паведамілі, што груз - абсталяванне для здабычы нафты. Яны заявілі, што не ведалі, што на самой справе перавозяць зброю», - адзначае «Уол-стрыт джорнэл».

«Усё яшчэ не знойдзены адказ на пытанне пра тое, хто арганізаваў гэтыя пастаўкі зброі. Мяркуючы па ўсім, людзі, якія падрыхтавалі аперацыю, прыклалі немалыя высілкі, каб іх асобу не атрымалася выявіць», - падкрэслівае газета.

Як раней паведамляў сайт charter97.org, замежная прэса высоўвае розныя версіі паходжання зброі, партыя якой знаходзілася на борце затрыманага 12 снежня ў Тайландзе самалёта Іл-76.

Так, брытанская газета «Гардыян» са спасылкай на свае ўкраінскія крыніцы сцвярджае, што адпраўным пунктам палёту Іл-76 была Беларусь, а ў Кіеве ён усяго толькі садзіўся на дазапраўку на шляху ў Паўночную Карэю. Пры гэтым, адзначае выданне, загрузка 40 тон зброі і боепрыпасаў была ажыццёўленая ў Пхен'яне.

Як паведамляе Times Online са спасылкай на эксперта па зброі Стакгольмскага інстытута даследавання праблемаў міру Х'ю Грыфітса, да вясны 2009 года Іл-76 з бартавым нумарам 4L-AWA належыў казахстанскай прыватнай авіякампаніі East Wind. Затым яго набыла іншая казахстанская авіякампанія Beirbas, звязаная з сербскім гандляром зброяй Таміславам Дамняновічам. У кастрычніку цяперашняга года самалёт быў прададзены грузінскай авіякампаніі Air West Georgia, якая аддала яго ў лізінг кампаніі SP Traiding Ltd., зарэгістраванай у Новай Зеландыі. Пры гэтым Грыфітс сцвярджае, што раней самалётам валодала адна з кампаніяў Віктара Бута, расейскага гандляра зброяй, які ўтрымліваецца зараз у тайскай турме.

Апошнія навіны