Нямецкія праваабаронцы пішуць лісты пратэсту ў БДУ
- 22.12.2009, 8:32
Нямецкая праваабарончая арганізацыя Libereco — Partnership for Human Rights праводзіць акцыю ў падтрымку адлічанай з БДУ Таццяны Шапуцькі.
Праваабаронцы распаўсюдзілі заяву, у якой прапанавалі накіроўваць на імя рэктара БДУ Сяргея Абламейкі і міністра адукацыі Беларусі Аляксандра Радзькова заклікі аднавіць на навучанні Шапуцьку.
Прэс-сакратарка міжнароднай моладзевай арганізацыі «Малады фронт» (Чэхія) Таццяна Шапуцька вучылася на юрыдычным факультэце БДУ па спецыяльнасці «Паліталогія». Прычынай адлічэння стаў яе ўдзел у Форуме грамадзянскай супольнасці праграмы «Усходняе партнёрства» у Брусэлі 16—17 лістапада без дазволу дэканата. Пра магчымасць адлічэння стала вядома ў першы дзень форума. 3 снежня Шапуцька была адлічаная з БДУ.
Пытанне аб выключэнні дзяўчыны з вну ўзнімалася на сустрэчы прадстаўнікоў ЕЗ і беларускіх уладаў. Кіраўнік МЗС Швецыі, якая старшынюе ў Еўразвязе, Карл Більт заявіў, што будзе «абсалютна непрымальна», калі адлічэнне з БДУ адбылося з-за ўдзелу Шапуцькі ў Форуме грамадзянскай супольнасці.