2010 год стане самым цяжкім для беларускага бізнэсу
- 23.12.2009, 9:33
Такі несуцяшальны прагноз быў зроблены найбуйнейшымі прадпрымальніцкімі саюзамі Беларусі.
На «круглы стол», арганізаваны Рэспубліканскай канфедэрацыяй прадпрымальніцтва і Менскім сталічным саюзам прадпрымальнікаў і працадаўцаў, журналісты запрошаныя не былі. Аднак, як паведаміў «Ежедневнику» старшыня МССПіП Уладзімір Карагін, у паседжанні прынялі ўдзел 38 чалавек – прадстаўнікоў бізнэсу, незалежных аналітыкаў, навукоўцаў з Інстытута эканомікі НАН і беларускіх вну. Асноўнымі тэмамі абмеркавання з'яўляліся распрацоўка Нацыянальнай платформы бізнэса–2010 і перспектывы працы ў наступным годзе.
Удзельнікі «круглага стала» выказалі свае меркаванні адносна неабходнасці развіцця прыватнага бізнэсу ў краіне і садзейнічання гэтым працэсам з боку дзяржавы. Па словах Уладзіміра Карагіна, ужо ў цяперашнім годзе меры па лібералізацыі заканадаўства, якія прымаюцца ўрадам, прынеслі вынікі. У прыватнасці, 52 пункты з 145, якія ўтрымліваюцца ў Нацыянальнай платформе бізнэсу, былі выкананыя. У той жа час гэты паказчык дэманструе, што яшчэ шмат што, па думку бізнэсмэнаў, у рэгуляванні эканамічных механізмаў дзяржавы неабходна змяніць. І ў гэтым працэсе ўрад павінен паводзіць сябе больш актыўна і канструктыўна, бо дыяпазон магчымых дзеянняў з боку бізнэс-супольнасці даволі абмежаваны.
У якасці прыкладу недапушчальнай маруднасці з боку чыноўнікаў У.Карагін прывёў прыклад указу №518 «Аб некаторых пытаннях арэнды і бязвыплатнага карыстання маёмасцю», які ўступіць у сілу 1 студзеня. А першае паседжанне працоўнай групы па выпрацоўцы растлумачэнняў, як ужываць гэты ўказ, адбудзецца толькі сёння. Гэта значыць падрыхтавацца да новых правілаў у арэндных стасунках у бізнэсмэнаў фактычна не застаецца часу.
Што ж датычыць перспектываў працы ў 2010 годзе, дык, па словах У.Карагіна, пераважны настрой у большасці прадстаўнікоў бізнэс-супольнасці – гэта дэпрэсія і апатыя. Камерсанты чакаюць другой хвалі крызісу, якая можа быць больш моцнай за першую. Аднак цяпер унутраныя рэсурсы ў шмат якіх кампаніяў вычарпаныя. На гэта накладаюцца зніжэнне пакупніцкай здольнасці грамадзянаў, складанасці ва ўзаемаразліках, дарагія банкаўскія крэдыты, канкурэнцыя, якая расце. Акрамя таго, надыходзіць першы год існавання Мытнага саюза, у якім яшчэ вельмі шмат нявызначанасцяў. У выніку, па словах кіраўніка МССПіП, некаторыя бізнэсмэны сур'езна раздумваюць аб згортванні бізнэсу ў краіне і адкрыцці яго ў іншай дзяржаве, з тым каб вярнуцца сюды праз некалькі гадоў.
Прасцей кажучы, бізнэс хоць і спадзяецца на лепшае, але ўсё роўна рыхтуецца да горшага, бо гэта больш рэалістычна. І калі раней меркавалася, што самы горшы год для беларускага прадпрымальніцтва быў 2009-ы, дык зараз існуе вялікая верагоднасць, што надыходзячы 2010 год па негатыве яго перакрые.