Расея выставіла ўльтыматум па нафце
- 28.12.2009, 14:01
Першы віцэ-прэм'ер Расеі папярэдзіў беларускія ўлады, што яны будуць плаціць за нафту па еўрапейскіх коштах, калі не падпішуць дамову з РФ да 1 студзеня.
Масква і Менск могуць падпісаць пагадненне аб часовых пастаўках расейскай нафты ў Беларусь да 31 снежня. Пра гэта, як перадае REGNUM, заявіў 28 снежня віцэ-прэм'ер РФ Ігар Сечын.
Паводле яго словаў, 26 снежня адбыўся апошні раўнд перамоваў двух бакоў па гэтым пытанні, падчас якога Расея перадала беларускім уладам свае прапановы. Сечын выказаў упэўненасць у тым, што пагадненне аб часовых пастаўках расейскай нафты ў Беларусь будзе падпісанае яшчэ сёлета.
«Калі падпісанне не адбудзецца, а я ўпэўнены, што гэта павінна адбыцца, тады з першага студзеня ўступіць у сілу звычайны рэжым, гэта значыць выплата 100% мытных плацяжоў», - патлумачыў першы віцэ-прэм'ер РФ, перадае РБК.
18 снежня віцэ-прэм'ер РФ Ігар Сечын заявіў, што Расея зрабіла Беларусі прапанову аб бязмытных пастаўках 5-6 мільёнаў тон нафты ў год для ўнутранага спажывання. Астатнія аб'ёмы прызначанай для Беларусі расейскай нафты (усяго Менск плануе закупіць у 2010 годзе больш за 20 мільёнаў тон) будуць абкладацца стоадсоткавай пошлінай.
Раней першы віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка заявіў, што Масква і Менск дамовіліся аб бязмытных пастаўках 8-9 мільёнаў тон нафты. Што датычыць астатніх аб'ёмаў, дык з гэтай нагоды было даручана распрацаваць новае пагадненне ў духу Мытнага саюза, паводле якога спаганяецца не вывазная пошліна на нафту, а дзеліцца вывазная мытная пошліна на нафтапрадукты, вырабленыя на беларускіх НПЗ з выкарыстаннем расейскай нафты.