Туркменам забаронена адзначаць навагоднія святы ў рэстаранах і кафэ
- 29.12.2009, 13:26
Забарону ўвёў кіраўнік краіны Гурбангулы Бердымухамедаў.
Як паведамляе ИА «Фергана.Ру» са спасылкай на свае крыніцы ў Ашхабадзе, рашэнне было прынята ў сувязі з нядаўнім пажарам у расейскім начным клубе «Кульгавы конь», у выніку якога загінулі больш за 150 чалавек.
Забарона працягнецца да 3 студзеня 2010 года.
Як адзначае агенцтва, ужо з 20 снежня ўстановы грамадскага харчавання не прымаюць ад жыхароў Туркменістана заяўкі на навагоднія вечары. Дамовы з тымі, хто замовіў рэстаран раней, былі скасаваныя.
Паводле інфармацыі «Ферганы.Ру», забарона закранула не ўсе рэстараны. Выключэнні зроблены для ўстаноў, якія належаць сваякам прэзідэнта. Там адзначаецца наплыў наведвальнікаў у сувязі з тым, што дзейнасць іншых рэстаранаў абмежавана.