Абама асудзіў улады Ірана за жорсткі разгон акцый апазіцыі
- 29.12.2009, 14:56
Прэзідэнт ЗША накіраваў зварот іранскім уладам, абвінаваціўшы іх у жорсткім падаўленні выступаў апазіцыянераў, якія пачаліся 27 снежня.
Паводле Барака Абамы, супраць спакойных маніфестантаў у розных гарадах Ірана быў ужыты «жалезны кулак бязлітаснасці». Пры гэтым ён назваў дзеянні іранскіх улад «несправядлівым падаўленнем», перадае NEWSru.com са спасылкай на «Інтэрфакс».
«ЗША далучаецца да міжнароднай супольнасці і рашуча асуджае жорсткую і несправядлівую расправу над нявіннымі грамадзянамі Ірана, - заявіў Барак Абама. - ЗША стаяць на баку тых, хто дамагаецца выканання іх усеагульных правоў».
Абама таксама звярнуўся з заклікам да іранскіх уладаў вызваліць затрыманых актывістаў апазіцыйных і рэфармісцкіх рухаў. Паводле дадзеных іранскіх апазіцыйных інфармацыйных рэсурсаў, у Ісфахане былі арыштаваны 500 чалавек, у тым ліку брат вядомага палітыка-рэфарміста Абдулы Нуры.
Нагадаем, што 27 снежня ў Тэгеране адбыліся жорсткія сутыкненні паміж сіламі бяспекі і актывістамі апазіцыі, якія правялі ў цэнтры горада дэманстрацыю. Падчас акцыі паліцыя адкрыла агонь па ўдзельніках акцыі пратэсту, у выніку шмат хто з удзельнікаў дэманстрацыі быў забіты.