BE RU EN

Слабей за беларускі рубель толькі эфіёпскі быр (Дыяграма)

  • 30.12.2009, 11:29

На працягу 2009 года беларускі рубель быў дэвальваваны да даляра амаль на 30 %.

Нацбанк абяцае ўтрымліваць курс айчыннай валюты і рапартуе – рубель паслабее не больш, чым на 10%. Але, як адзначае газета «Наша Ніва», калі параўноўваць сённяшнюю сітуацыю з той, якая была ў Беларусі год таму, вымалёўваецца малапрыемная карціна.

З 82 валютаў, на якія Нацыянальны банк Беларусі вызначае курс – ці штодня, ці штомесяц – у адносінах да 81 беларускі рубель патаннеў.

Слабей за нашыя грошы толькі эфіёпскі быр, які летась каштаваў 219,85 рублёў, а зараз ацэньваецца ў 219,83 рубля. Выйгрыш нашай валюты склаў 0,01%…

З валютамі, якія карыстаюцца папулярнасцю ў беларусаў, сітуацыя больш складаная. Даляр замест 2200 рублёў каштуе 2850. Вынік — 29,5% на карысць амерыканскай валюты.

Еўра вырас яшчэ мацней, на 33,6%. Летась за яго можна было атрымаць 3077 рублёў, а зараз – 4112 рубля.

Расейскі рубель перажыў крызіс, падобны на той, які спасціг беларускую валюту. Тым не менш, вырас і ён – з 77 да 95,5 рублёў. Рост склаў 24,2%.

Украінская грыўна, якую часам нават адмаўляліся прымаць у беларускіх «абменніках» – так нізка яна ацэньвалася, усё роўна мацней за беларускі рубель. За год грыўна падаражэла на 30,7% — з 273 да 357 рублёў.

Росту дасягнулі ўсе суседнія валюты – і літ, і лат, і злоты.

Сусветныя лідэры – чылійскі песа і паўднёва-афрыканскі рэнд. Яны выраслі на 72%.

Трэці радок рэйтынгу ў аўстралійскага даляра, які каштуе сёлета на 70% больш, чым у мінулым. З еўрапейскіх валютаў наймацнейшай стала нарвежская крона (рост на 62%).

Да каго ж беларускі рубель знаходзіцца бліжэй, акрамя эфіёпскага быра? Да таджыкскай, армянскай і нігерыйскай валюты. Замыкаюць пяцёрку нашых «суседзяў» мангольскія грошы. У адносінах да тугрыка беларускі рубель дэвальваваў на 5%.

Апошнія навіны