Мінэнерга пра «газавы канфлікт»: Да Новага года яшчэ далёка… не так ужо і далёка
- 4.12.2009, 13:57
Намеснік міністра энергетыкі Беларусі Эдуард Таўпянец пацвердзіў, што Менск дамагаецца ад «Газпрома» ільгот на пастаўкі газу ў 2010 годзе.
Намкіраўніка Мінэнерга паведаміў, што перамовы па гэтым пытанні з расейскім газавым манапалістам працягваюцца, «бо да Новага года яшчэ далёкаа… не так ужо і далёка, але час яшчэ ёсць».
На пытанне «Радыё Свабода», чаму беларускія ўлады настойваюць на тым, каб замарозіць цэны на газ на ўзроўні гэтага года, Эдуард Таўпянец адказаў: «Вы б адмовіліся, напрыклад, калі б цэны на прадукты і на ўсё астатняе не падымалі? Вы казалі б — не, трэба падымаць?»
Пры гэтым намміністра энергетыкі заявіў, што новай «газавай» вайны паміж Беларуссю і Расеяй у гэтым не будзе. «Тут можаце не сумнявацца, чаго нам ваяваць?» - заявіў намкіраўніка Мінэнерга.
Нагадаем, што крыніцы «Коммерсанта» і «Ведомостей» паведамілі, што перамовы віцэ-прэм’ера Беларусі і кіраўніка расейскага манапаліста па захаванні зніжак на газ для Менска ў 2010 годзе скончыліся безвынікова. «Газпром» не збіраецца даваць Беларусі 30-адсоткавую зніжку на газ, як гэта просяць беларускія ўлады, падкрэсліў прадстаўнік кампаніі.
«Сярэдняя цана 2009 года для Беларусі складае 146 даляраў за тысячу кубаметраў, на 2010 год – 164 даляры па формуле цаны. Нязначны рост на 16% мы лічым прымальным. І наша пазіцыя па дадзеным пытанні нязменная», - заявіла крыніца ў расейскім газавым манапалісце.