BE RU EN

Супрацоўніцтва з рэжымам не толькі амаральнае, але і небяспечнае

  • 10.02.2009, 7:44

«Арышт Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенкі - плявок у твар афіцыйнай Еўропе і добрая дэманстрацыя так званай лібералізацыі», – заяўляюць беларускія палітвязні.

Былыя вязні сумлення Аляксандр Казулін, Сяргей Парсюкевіч і Андрэй Кім зрабілі заяву ў сувязі з паўторным арыштам па надуманых абвінавачваннях лідэраў прадпрымальнікаў, палітвязняў з Ваўкавыска Мікалая Аўтуховіча і Юрыя Лявонава, і іхняга калегі Ўладзіміра Асіпенкі.

ЗАЯВА

8 лютага 2009 годы байцы спецпадпаддзялення МУС «Алмаз» затрымалі былых палітвязняў Мікалая Аўтуховіча і Юрыя Лявонава, вызваленых улетку гэтага года пад ціскам міжнароднай супольнасці. Трэцяй ахвярай міліцэйскай самаўпраўнасці стаў Уладзімір Асіпенка - супрацоўнік фірмы, дзе працаваў М. Аўтуховіч.

Па паведамленні сродкаў масавай інфармацыі, супрацоўнікі «Алмаза» дзейнічалі з асаблівай жорсткасцю. Бяззбройныя людзі, учорашнія вязні сумлення, былі моцна збітыя і гвалтоўна дастаўленыя ў сталічны спецпрыёмнік-размеркавальнік.

Прад'яўленыя Лявонаву, Аўтуховічу і Асіпенку абвінавачванні абсурдныя і не вытрымоўваюць ніякай крытыкі. Гэта прызнаў нават былы супрацоўнік міліцыі, падпал хаты якога следства спрабуе паставіць ім у віну. Падобна, што адказнасць за выбух у сталіцы ўлада цалкам вырашыла ўскласці на апазіцыю. Гэты арышт - плявок у твар афіцыйнай Еўропе і добрая дэманстрацыя так званай лібералізацыі.

Варта адзначыць, што пад крымінальным пераследам па-ранейшаму знаходзяцца 14 маладых людзей, удзельнікаў мітынгу прадпрымальнікаў. Былыя палітвязні па-ранейшаму абмежаваныя ў сваіх грамадзянскіх правах, ніхто з іх не рэабілітаваны. Жыццё амерыканскага грамадзяніна Эмануіла Зэльцэра пад пагрозай, ён знаходзіцца ў лякарні ў беларускай турме. Насуперак усім нормам заканадаўства, ягоныя адвакаты не могуць нават атрымаць прысуд на рукі вось ужо як паўгады, каб мець права яго абскардзіць. Сялянская моладзь, якая імкнецца ва ўзброеныя сілы з-за катастрафічнага матэрыяльнага становішча і беспрацоўя ў рэгіёнах, адсякаецца на ўзроўні ваенкаматаў. Затое актывістаў апазіцыі, са здароўем, падарваным у турэмных казематах, прымусова пасылаюць у войска.

Мы бачым, што мелі рацыю. Супрацоўніцтва з гэтым рэжымам не толькі амаральнае, але і небяспечнае. Еўрапейскі бізнэс і афіцыйны Брусэль павінныя памятаць, што гульня з чалавекам без прынцыпаў заўсёды ідзе па ягоных правілах. І наступнай ахвярай можа стаць кожны, незалежна ад колеру ягонага пашпарта.

Мы патрабуем:

- Неадкладнага вызвалення М.Аўтуховіча, Ю. Лявонава і Ў. Асіпенкі

- Перадачы Э. Зэльцэра ў рукі амерыканскага правасуддзя

- Спынення гвалтоўнай дактыласкапіі рэспубліканскага маштабу

- Агляду гвалтоўна закліканых ва Ўзброеныя Сілы РБ грамадскіх актывістаў міжнароднымі экспертамі.

- Узнаўлення ўсіх палітычных зняволеных у іхніх грамадзянскіх і маёмасных правах і адмены рэпрэсіўных прысудаў па «справе 14-ці».

Мы спадзяемся на салідарную рэакцыю амерыканскай і еўрапейскай дыпламатыі ў сувязі з грубымі парушэннямі беларускім бокам узаемных дамоўленасцяў.

Мы верым у Бога і наш народ.

Жыве Беларусь!

Былыя палітычныя зняволеныя:

Аляксандр Казулін

Андрэй Кім

Сяргей Парсюкевіч

Апошнія навіны