BE RU EN

Узятых крэдытаў Беларусі хопіць ненадоўга

  • 10.02.2009, 16:28

Беларускія эканамісты ўпэўненыя, што лукашэнкаўская мадэль гаспадарання нядоўга зможа трымацца на плаву.

На пашыраным паседжанні Савета Міністраў прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі агучыў сярэднегадовы кошт на газ для ўнутраных спажыўцоў – 148 даляраў за тысячу кубаметраў.

Незалежны эксперт эканаміст Сяргей Чалы лічыць цяперашні кошт для беларускіх суб'ектаў гаспадарання вельмі супярэчлівым.

«З аднаго боку, такога кошту на газ няма, мусіць, больш ні ў кога ў свеце, -- выказаў меркаванне «Беларускаму партызану» эксперт. -- І ён з'яўляецца для нашых прадпрыемстваў больш чым камфортным. З іншага боку, менавіта нізкі кошт на блакітнае паліва будзе і далей расхалоджваць нашую эканоміку, якая працягвае часта працаваць на склад. Нельга берагчы тое, што датуецца».

Сяргей Чалы прыводзіць у прыклад сітуацыю, калі ў 1996 годзе Расея ўпершыню сур'ёзна узняла кошты на газ для Украіны.

«За той год, -- узгадвае эксперт, -- энергаэфектыўнасць украінскай прамысловасці вырасла на 8 адсоткаў. Беларуская ж прамысловасць жыве, практычна не змяняючыся, савецкімі крытэрамі 1992 года - галоўнае, выканаць зверху навязаны план. Можа быць, добра, што на гэты момант у нас далёка не рынкавыя кошты. Бо паўнавартасна ва ўмовах крызісу рэфармавацца могуць рынкавыя механізмы, а яны ж ў нас пакуль не запушчаныя. Для іх запуску трэба выконваць даўным-даўно прапісаныя крокі - адмаўляцца ад прагнозных паказчыкаў, здымаць абмежаванні на памер зарплаты і гэтак далей».

Сяргей Чалы лічыць, што ўсё пытанне зводзіцца да таго, наколькі доўга цяперашняя беларуская мадэль гаспадарання здолее трымацца на плаву.

«Вельмі наіўна лічыць, -- кажа эканаміст, -- што крызіс скончыцца, напрыклад, у наступным годзе. У другім квартале гэтага года павінна наступіць толькі чарговая яго фаза - сур'ёзныя цяжкасці пачнуць цярпець падаткаплацельшчыкі, якія ўзялі спажывецкія крэдыты. Пазней гэта ўсё перакінецца ізноў на банкі, таму што гэтыя крэдыты браліся менавіта там. І гэтак далей па спіралі. Беларускі ўрад думае, што калі ён прастаіць «дзень», дык і «ноч» зможа пратрымацца. Вось толькі ніхто ў свеце пакуль не ведае, як доўга працягнецца гэтая «ноч». У любым выпадку, гэта будзе не паўтары і не два гады. Нашай жа краіне, па маіх падліках, узятых крэдытаў хопіць толькі да восені. А потым нам проста не будзе ў каго браць. І тады застанецца толькі два выйсця. Ці ісці на чарговую дэвальвацыю (цяперашняе адмоўнае знешнегандлёвае сальда склалася ў асноўным з-за завышанага курсу беларускага рубля). Ці вырашацца на вышэйзгаданыя сістэмныя рэформы».

Апошнія навіны