BE RU EN

Нататкі жаўнера Івана Шылы: «Мне ламаюць жыцьцё»

  • 10.02.2009, 17:15

«Войска «для усіх»... Але калі трапляеш у беларускае войска, разумееш, што гэта далёка ня так», - піша гвалтоўна прызваны ў войска моладзевы лідэр Іван Шыла.

Старонка «Маладога Фронта» публікуе вытрымкі з дзёньніку старшыні салігорскага «Маладога Фронту» Івана Шылы, які той пачаў весьці з таго сама дня, як яго гвалтоўна забралі на службу ў войска.

«28.01.2009... Менавіта ў гэты дзень я быў прызваны на тэрміновую вайсковую службу. Шэраг памылак, даверлівасьць і многа іншага прывялі мяне да таго, што я буду ізаляваны ад грамадзтва, сямьі, дзяўчыны і сяброў на паўтары гады. Часу, безумоўна, шкада. І тое пужае. Як і невядомасьць, кім і дзе я буду праз гэты час. Натуральна, пужае і адсутнасьць сувязі зь сьветам, інфармацый. Крыўдна, бо ламаюць жыцьцё. Крыўдна, бо пралічыўся і ўсе магло быць ня так. Ніяк не укладаецца ў галаве лічба 1,5 гады (яшчэ не лічыў, колькі гэта дзён).

Войска «для усіх»...

Есьць такая норма, ды й запіс адпаведны ў Канстытуцыі. Але калі трапляеш у беларускае войска, разумееш, што гэта далёка ня так. Бо калі для усіх, то хай будзе для кожнага. А ня толькі для навучэнцаў ПТВ ды школьнікаў зь вёсак. «Для ўсіх» атрымліваецца, што большасьць не з гарадоў, ніводнага з вышэйшай адукацыяй ці з багатай сямьі.

Войска не для мяне...

Адчуваю ўсім целам, думкамі. Адчувае і арганізм. Быў адразу крыху высокі ціск, тэмпэратура. Таму першую ноч спаў не ў казарме, а ў санчастцы. Моцных адрозьненьняў, праўда, няма. Затое, у санчасцы атрымалася паспаць раніцай. Пад’ем там і так на гадзіну пазьней, у 7 гадзін, але пасьля яго дзьве гадзіны можна яшчэ паспаць. То бок, пасьля сьняданку і прыборкі. Можа паспаў бы і болей, аднак пасьля абеду мяне выпісалі. Цяпер санчастка рабіцца краем запаветных мараў. Бо пра дом свой родны, што цяпер так далёка, і думаць ня хочацца. Бо робіцца крыўдна, абрыдла ад таго, што адбылося і працягваецца. А трэба трымацца, «выконваць задачу баявую».

Іван Шыла»

Апошнія навіны