BE RU EN

Адвакат Зельцэра абвяргае старшыню Вярхоўнага суда Беларусі

  • 11.02.2009, 13:23

Старшыня Вярхоўнага суда Беларусі заявіў, што арыштаванаму грамадзяніну ЗША Зельцэру выдадзеная копія прысуду. Адвакат арыштаванага абвяргае гэтую заяву.

«Копія прысуду Эмануілу Зельцэру выдадзеная яму на рукі, -- заявіў 11 лютага старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала. -- Інфармацыя пра тое, што суд яе не выдае, недакладная».

Такім чынам Валянцін Сукала пракаментаваў журналістам інфармацыю пра тое, што абарона асуджанага ў Беларусі грамадзяніна ЗША не можа атрымаць копію прысуду.

Аднак, як паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 адвакат Зельцэра Дзмітры Гарачка, копію прысуду Зельцэру ніхто не ўручаў.

«Была ўручаная копія выпіскі, якая нам нічога не дае. Без копіі прысуду мы не можам распачаць абскарджанне вердыкта суда», -- сказаў Дзмітры Гарачка.

На пытанне, як можна пракаментаваць заяву старшыні Вярхоўнага суда, адвакат Эмануіла Зельцэра адзначыў, што ў пачатку гэтага тыдня ён накіраваў скаргу на імя Валянціна Сукалы пра недаванне копіі прысуду.

Нагадаем, што 11 жніўня амерыканскі юрыст Эмануіл Зельцэр быў прысуджаны Менскім гарадскім судом да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. 31 кастрычніка Вярхоўны суд Беларусі пакінуў прысуд у сіле. Усе судовыя працэсы праходзілі ў зачыненым рэжыме. Дзярждэпартамент ЗША працягвае настойваць на вызваленні Эмануіла Зельцэра з меркаванняў гуманнасці ў сувязі з цяжкім станам здароўя асуджанага.

Адзначым, што 11 лютага споўнілася роўна паўгады з дня вынясення судовага прысуду Эмануілу Зельцэру.

Апошнія навіны