BE RU EN

Мільён даляраў за вызваленне Зэльцэра

  • 16.02.2009, 8:09

Як піша New York Times, вядомы амерыканскі піяніст Марк Зэльцэр ужо выдаткаваў на вызваленне брата Эмануіла Зэльцэра, што знаходзіцца ў беларускай турме, прыблізна мільён даляраў.

Аднак, па словах Марка Зэльцэра, пра нейкія пэўныя тэрміны вызвалення, нягледзячы на ўмяшанне ў справу высокіх амерыканскіх чыноўнікаў, казаць немагчыма. Паколькі «праўдзівая падаплёка справы застаецца вельмі заблытанай, а таму вымушае журналістаў трымацца далей ад гэтай гісторыі».

New York Times нагадвае, што Эмануіл Зэльцэр быў арыштаваны 11 месяцаў таму ў Менску адразу пасля прызямлення самалёта, які належыў Барысу Беразоўскаму. Беларускія ўлады абвінавацілі амерыканскага адваката ў прамысловым шпіянажы і падробцы дакументаў, а потым судзілі закрытым судом, нягледзячы на пратэсты амерыканскіх дыпламатаў. Не былі пачутыя шматлікія заклікі чыноўнікаў ЗША адносна вызвалення амерыканскага грамадзяніна на гуманных умовах, улічваючы стан ягонага здароўя

«Упершыню на маёй памяці замежнага грамадзяніна арыштавалі адразу пасля прыезду, прычым ён быў затрыманы КДБ,» -- сказаў кіраўнік амбасады ЗША Джонатан Мур. Дыпламат дадаў, што справа Зэльцэра выклікае адначасова і здзіўленне, і занепакоенасць, паколькі беларускія афіцыйныя асобы «так і не далі тлумачэнняў гэтаму арышту».

Як упэўнены Марк Зэльцэр, за арыштам ягонага брата стаіць не хто іншы, як Беразоўскі. У інтэрв'ю амерыканскім СМІ вядомы піяніст стала падкрэслівае: ягоны брат быў адзіным, хто меў завяшчанне і іншыя дакументы памерлага алігарха Бадры Патаркацышвілі. «Калі Эмануіл заявіў, што распарадчыкам спадчыны, паводле завяшчання, становіцца кузэн алігарха Джозэф Кей, Беразоўскі вырашыў нейтралізаваць Эмануіла, паколькі імкнуўся захапіць усе гэтыя мільярды.»

Апошнія навіны